Бярозаўскія чыноўнікі не даюць апазіцыйным актывістам займаць кіруючых пасад



Бярозаўскія чыноўнікі не даюць апазіцыйным актывістам займаць кіруючай пасады нават на грамадскіх пачатках. Як гэта здарылася з Таварыствам уласнікаў жылля ў мікрараёне Тышкевіча. Навасёлы на сходзе стварылі Таварыства ўласнікаў жылля і старшынёй выбралі Аляксандра Кабанава, уласніка дапаможнай гаспадаркі, сябру Аб’яднанай грамадзянскай партыі з  актыўнай і прынцыповай жыццёвай пазіцыяй. Дакументы былі зацверджаны ў раёне і вобласці. Але пазней бярозаўскія чыноўнікі спахапіліся і пачалі валтузню з адхіленнем Кабанава ад кіравання Таварыствам.

Кажа Аляксандр Кабанаў:

— Сказалі наўпрост: мы цябе ніяк не аформім старшынёй таварыства ўласнікаў. Алі падпісваліся гэтыя дакументы яны не паглядзелі прозвішча таго, хто будзе старшынёй, а потым, калі я ўжо пачаў хадзіць і адстойваць нашы правы, яны далі задні ход і сказалі, не.

Начальнік жыллёва-камунальнага аддзела і добраўпарадкавання Бярозаўскага райвыканкама Яўген Клемяшук на пытанне, чаму райвыканкам не хоча, каб Аляксандр Кабанаў быў старшынёй Таварыства ўласнікаў жылля, канкрэтнага адказу не даў:

— На сённяшні момант яны стваралі Таварыства уласнікаў жылля чамусьці для будаўніцтва падвалаў, гэта адно. Няхай разбярэцца, для чаго стваралася Таварыства. Я не буду абмяркоўваць гэтага пытання па тэлефоне. Калі вас цікавіць гэтае пытанне, чытайце заканадаўства.

Паводле Аляксандра Кабанава, пункт пра зацверджанне кандыдатуры райвыканкамам у новым жыллёвым кодэксе з’явіўся, каб пазбавіць людзей самакіравання. Ніякага дачынення да іх дома райвыканкам не мае. Жыхары дома не намераны адмаўляцца ад свайго выбару. Яны вырашылі правесці сход. На сход запрасілі чыноўнікаў, каб паставіць кропку ў пытанні выбранага старшыні іх Таварыства.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза