Бярозаўскія ідэолагі адмовіліся ўдзельнічаць у акцыі “Свечка памяці”



Ідэалагічны аддзел Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта даслаў праваабаронцам і грамадскім актывістам адказ на запрашэнне разам правесці “Свечку памяці” на Цэнтральнай плошчы горада. “Свечкай памяці” актывісты планавалі адзначыць трагічную для Беларусі дату: 30 год пасля выбуху на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама Таццяна Кавалёк паведаміла, што разгледзіць прапанову толькі пасля атрымання арганізатарамі пікета дазвола Бярозаўскага райвыканкама, кажа адзін з заяўнікаў Сяржук Русецкі:

– Ідэалагічны аддзел катэгарычна не адмовіў нам у сумесным правядзенні пікета. У той жа час, трэба адзначыць, што менавіта супрацоўнікі ідэалагічнага аддзела рыхтуюць рашэнні выканкама. Напэўна яны ведаюць адказ.

У выніку прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці атрымалі адмову ў пікеце. Ідэолагі ў сваю чаргу паведамілі, што разам з БРСМ будуць садзіць дрэвы ў парку, разам з “Белай Руссю” акажуць матэр’яльную дапамогу людзям, якія ў дзяцінстве пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, і ўвечары правядуць мемарыяльныя мерапрыемствы, а таксама інфармацыйныя гадзіны і выставы.

Беларускае Радыё Рацыя