Бярозаўскія праваабаронцы даслалі калегам бандэролі салідарнасці



Бярозаўскія праваабаронцы адправілі невялікія бандэролі з рознымі прысмакамі сваім калегам-праваабаронцам, якія сядзяць у СІЗА на Валадарцы. У бандэролі пакладзены яблыкі, цыбуля, часнык, а таксама розныя слодычы і сшыткі з асадкамі.

Праваабаронцы спадзяюцца, што іх калегі атрымаюць бандэролі, кажа Сяржук Русецкі:

– Мы даслалі бандэролькі салідарнасці зняволеным праваабаронцам „вясноўцам” – Алесю Бяляцкаму, Вадянціну Стэфановічу, Уладзю Лабковічу, Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку. Хочацца ў гэтыя восеньскія дажджлівыя дні хоць нейкім чынам трошкі паспрабаваць узняць ім настрой ды выказаць сваю падтрымку і салідарнасць.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч арыштаваны ў ліпені мінулага году і чакаюць суду. Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк  ужо асуджаны на вялікія тэрміны, але чакаюць разгляду апеляцыйных скаргаў.

Беларускае Радыё Рацыя