Бярозаўскія ўлады гатовы ўпарадкаваць вадаём, але за еўрапейскія грошы
Бярозаўскія ўлады пачысцяць самы блізкі ад горада вадаём для дзяцей і дарослых і тэрыторыю вакол яго, калі атрымаюць на гэта еўрапейскі грант. Такі адказ пачулі бярозаўскія пенсіянеры на сустрэчы з раённымі службамі ў Дзень пажылых людзей. Ужо некалькі гадоў запар улада зрабіла для пенсіянераў своеасаблівы падарунак – задаваць набалелыя пытанні напрамую розным службам, якія прыходзяць на сустрэчу. Некаторыя пытанні задаюцца не першы год, і не першы год на іх аднолькава адказваюць чыноўнікі, кажа Таццяна Тарасюк:
– Чаму наша рэчка зарастае? Гэтае ж пытанне жанчына задавала яшчэ 2 гады таму і менавіта на такой жа сустрэчы. Але ёй сказалі, што трэба ўвайсці ў грантавую сістэму, каб атрымаць на гэта грошы, і што яны будуць старацца. Два гады таму дакладна такі ж самы адказ быў. Асвятленне. Я даведалася, што наш раён атрымаў паўмільёна еўра гранта на асвятленне раёна. І дзе гэтыя грошы?
Улада адмовілася стварыць для пенсіянераў бясплатныя месцы для гандлю гароднінай. Не сакрэт, што многія пажылыя людзі выжываюць за кошт продажу гародніны са сваіх дач ці прысядзібных участкаў.
А яшчэ парадавалі пенсіянераў бясплатным мастацкім фільмам “Белыя росы”, які дэманстравалі два гады таму на Дзень пажылых людзей.
Беларускае Радыё Рацыя