Бярозаўскія ўлады забарнілі чарговы пікет



Бярозаўскія праваабаронцы і грамадскія актывісты не змогуць 25 жніўня а 18-й гадзіне публічна адзначыць 24-ыя ўгодкі надання Дэкларацыі аб незалежнасці БССР статусу канстытуцыйнага закону. Паколькі ў адмове пікету Бярозаўскі райвыканкам паведамляе, што на абодвух стадыёнах Бярозы, дзе дазволена праводзіць пікеты, адбудуцца спартыўныя мерапрыемствы, кажа адзін з заяўнікаў пікету праваабаронца Сяржук Русецкі:

– У пэўнай ступені нават і нечакана, што не дазволілі пікет на 25-га жніўня, бо дазволілі ж на 27 ліпеня. Яны б маглі прапанаваць іншы час, перанесці дзень правядзення пікету, аднак гэтага не адбылося.

Па словах Сяржука Русецкага, відаць, забараняць пікеты для чыноўнікаў райвыканкама зручней і бяспечней, чым дазваляць. За 18 апошніх гадоў першы раз быў дадзены дазвол на пікет 27 ліпеня бягучага года – Дзень 25-годдзя прыняцця Дэкларацыі Незалежнасці краіны.

Беларускае Радыё Рацыя