Неабачлівасць бярозаўчан здзіўляе грамадскіх актывістаў
Неабачлівасці бярозаўчан можна пазайздросціць. Ніякай перасцярогі. Ні табе масак, ні табе аднаразовых пальчатак, ні патрэбнай адлегласці паміж людзьмі, каб не заразіцца. Рэдка ў крамах пабачыш прадаўца ў пальчатках і масцы.
Нібыта каронавірус на іншай планеце, – кажа грамадскі актывіст Анатоль Сахаруша:
– Але ўсё адно схаваюць, мы ж нічога не будзем ведаць, так як і было схавана з Чарнобылем. Ну што там? Там нейкі быў выбух. Гэта быў не выбух, гэта была тэхнагенная катастрофа, якой яшчэ свет не ведаў. Таксама і гэта. Вакол тысячы людзей за суткі паміраюць, у нас – не.
Паводле Анатоля Сахарушы і праваабаронцы Сяржука Русецкага, улада хавае праўду пра каронавірус і не рыхтуе насельніцтва да барацьбы з каронавірусам:
– Я адчуваю сябе не зусім упэўнена з тым, што ў нас гэтак усё і абыдзецца.
– У нас цалкам можа разрасціся, і мы не ведаем, якая яна ў рэальнасці зараз. Калі нахлыне такое, як у Італіі, то да такога Беларусь не гатовая.
Пра тое, як улады расхалоджваюць людзей перад пагрозай, чытаем на афіцыйным бярозаўскім сайце: Прынцып работы Бярозаўскай паліклінікі мяняецца ў сувязі з сезонным пад’ёмам захворвання распіраторнымі інфекцыямі. Аб’ява ў Беларусбанку: Паважаныя кліенты! У сувязі з сезонным ростам ОРВІ ў аддзяленне для абслугоўвання просім заходзіць па аднаму. І так паўсюль. Утойванне інфармацыі – ёсць злачынства перад народам.
Беларускае Радыё Рацыя