Бязвіз хочуць працягнуць да 10 дзён, а кітайцам — да месяца
Міхаіл Кравец, намеснік міністра спорту і турызму, які курыруе турыстычную галіну, распавёў, што ў Беларусі разглядаюць варыянт павелічэння тэрміну бязвізавага рэжыму да дзесяці дзён замест пяці, паведамляе БелТА.
«Праца ідзе. Нас не задавальняюць пяць дзён. Асабліва гэта тычыцца медыцынскага, спартыўнага турызму. Гэтага часу мала. Але гэта быў пілотны праект, ён звязаны з бяспекай, таму што ў турызме гэта вельмі важна. Цяпер, калі сістэма бяспекі абкатаная, вядзём гаворку пра павелічэнне колькасці дзён да дзесяці. Спадзяюся, да Еўрапейскіх гульняў гэта атрымаецца,» – сказаў ён.
Раней, у жніўні гэтага года, першы намеснік начальніка Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Віталь Навумчык падчас наўпроставай лініі распавёў tut.by, што замежнікі змогуць знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі дзесяць дзён, а не пяць, як цяпер. Адпаведныя змены ў законе аб прававым становішчы замежнікаў у Беларусі набудуць моц прыблізна ў снежні 2018 – студзені 2019 года.
Па словах Міхаіла Партнога, бязвізавым рэжымам для ўезду ў Беларусь ужо скарысталіся 52 тысячы турыстаў. Пры гэтым прапрацоўваецца варыянт распаўсюдзіць бязвізавы рэжым на ўезд не толькі праз Нацыянальны аэрапорт Менск.
А грамадзянам Кітая хочуць дазволіць 30-дзённы бязвізавы ўезд.
Нагадаем, што пяцідзённы бязвізавы рэжым пачаў дзейнічаць у Беларусі ў лютым 2017 года для грамадзян з 80 краін. У 2016 годзе Беларусь дазволіла замежнікам без візы наведваць Аўгустоўскі канал, Гародню і Гарадзенскі раён, у 2015 годзе – Белавежскую пушчу.
Фота sputnik.by