Бязвізавы рэжым павялічыў турпаток у Беларусь на 20%
Бязвізавы рэжым даў магчымасць павялічыць турыстычны паток у Беларусь прыкладна на 20 працэнтаў, паведаміў дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Андрэй Молчан сёння на брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА.
„Бязвізавы рэжым паўплываў на прырост наведванняў прыкладна ў 20 працэнтаў. Увядзенне бязвізавага рэжыму адназначна звязана непасрэдна з павелічэннем патоку турыстаў”, – адзначыў Андрэй Молчан.
Прадстаўнік Мінспорту звярнуў увагу, што прадаўжэнне тэрміну бязвізавага знаходжання з 5 да 30 дзён запатрабуе абнаўлення турыстычнай інфраструктуры і падрыхтоўкі кадраў з веданнем замежных моў. Калі раней асноўны турпаток прыпадаў на прадстаўнікоў Расіі і краін СНД, то цяпер больш увагі трэба ўдзяліць рабоце з турыстамі з далёкага замежжа.
У першую чаргу размова ідзе аб тым, каб большая колькасць прадстаўнікоў турыстычнай індустрыі валодала англійскай, французскай, кітайскай мовамі. Гасцініцам, санаторыям і аграсядзібам трэба забяспечыць магчымасць разліку праз міжнародныя сістэмы плацяжоў.
„Зразумела, размова ідзе і аб павышэнні якасці і культуры абслугоўвання, нарошчванні сродкаў размяшчэння”, – падкрэсліў Андрэй Молчан. „Чарговы крок у справе лібералізацыі візавага рэжыму ў Беларусі вельмі і вельмі станоўчы. Мы абмяркоўваем з калегамі з Міністэрства замежных спраў, сілавым блокам магчымасці новых крокаў, але пакуль рана пра іх гаварыць”, – сказаў дырэктар Дэпартамента па турызме.