Бязвізавым уездам скарысталіся 218 замежнікаў
Паводле даных на 18 гадзін 13 лютага, правам бязвізавага ўезду ў Беларусь на пяць сутак праз Нацыянальны аэрапорт Менск скарысталіся 218 замежнікаў. Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце.
Больш за ўсё ў краіну прыбыло грамадзян Германіі — 43, Італіі — 32, Вялікабрытаніі і Нідэрландаў — па 16, Польшчы — 14.
Паводле інфармацыі пагранведамства на 10 гадзін 13 лютага, правам бязвізавага ўезду ў Беларусь скарысталіся 86 замежнікаў, на 14 гадзін — каля 100. Такое нязначнае павелічэнне тлумачылася невялікай колькасцю рэйсаў, якія прыбываюць у галоўны аэрапорт краіны.
З 00.00 12 лютага ў Беларусі дзейнічае пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 дзяржаў, якія прыбываюць у краіну праз Нацыянальны аэрапорт Менск. Адпаведны ўказ быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 9 студзеня. Яго дзеянне распаўсюджваецца на 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўразвязам, а таксама Бразілію, Інданезію, ЗША, Японію і шэраг іншых. „Гэта спрыяльныя ў міграцыйным плане краіны, стратэгічныя партнёры Беларусі і дзяржавы, якія ў аднабаковым парадку ўсталявалі бязвізавы рэжым у дачыненні да беларускіх грамадзян”, — адзначалася ў афіцыйным каментарыі да ўказа. Новыя правілы таксама распаўсюджваюцца на неграмадзян Латвіі і асоб без грамадзянства Эстоніі.
Для ўезду ў бязвізавым рэжыме неабходна мець сапраўдны пашпарт ці іншы дакумент, якi яго замяняе для выезду за мяжу, грашовыя сродкі (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш чым двум базавым велічыням), медыцынскі страхавы поліс на суму не менш за 10 тыс. еўра, які дзейнічае ў Беларусі.
Для грамадзян В’етнама, Гаіці, Гамбіі, Гандураса, Індыі, Кітая, Лівана, Намібіі, Самоа абавязковым дадатковым патрабаваннем з’яўляецца наяўнасць у дакуменце для выезду за мяжу сапраўднай шматразовай візы дзяржаў ЕЗ або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб уездзе на іх тэрыторыю, а таксама авіябілетаў з пацвярджэннем у іх вылету з Нацыянальнага аэрапорта Менск на працягу пяці дзён з даты ўезду.
Парадак бязвізавага перамяшчэння не распаўсюджваецца на асоб, якія прыбываюць у Беларусь авіярэйсамі з Расеі, а таксама якія плануюць ажыццявіць вылет у аэрапорты Расеі (згаданыя рэйсы з’яўляюцца ўнутранымі, пагранічны кантроль на іх не ажыццяўляецца).