Быкаўня – украінскія Курапаты
Кожны, хто праязджае па шашы Чарнігаў-Кіеў, напэўна, звяртае ўвагу на вялізныя чорныя крыжы на пад’ездзе да Кіева. Гэта – гісторыка-мемарыяльны комплекс “Быкаўня”, дзе пахаваны ахвяры камуністычных рэпрэсій.
Украінская Быкаўня – абсалютны аналаг беларускіх Курапатаў. У свой час улады таксама адмаўлялі, што ў Быкаўні ёсць неякія пахаванні. Потым спісалі віну за злачынствы на нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Потым проста ігнаравалі памяць людзей, бязвінна расстраляных чэкістамі. Але ўкраінцы змаглі перамагчы ўладу і дамагчыся справядлівасці.
Як беларусам дамагацца справядлівасці з Курапатамі? Што трэба рабіць беларускім грамадзянам, якія хочуць дазнацца пра лёс сваякоў, рэпрэсаваных на тэрыторыі Украіны? Ці знойдуць украінскія даследчыкі расстрэльную справу дваюраднага брата Янкі Купалы, расстралянага ў кіеўскім НКВД і пахаванага ў Быкаўні?
На гэтыя і іншыя пытанні нашага ўкраінскага карэспандэнта Марціна Войны адказвае Таццяна Шэптыцкая – намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-мемарыяльнага запаведніка “Быкаўнянскія магілы”.
Таццяна Шэптыцкая: Цяпер гэтае месца называецца “Нацыянальны гісторыка-мемарыяльны запаведнік Быкаўнянскія магілы”. А ў 30-я гады тут быў таемны спецучастак НКВД, дзе хавалі трупы расстраляных “ворагаў народа”. Расстрэльвалі іх у Кіеве ў 1937-1941 гадах і ў падвалах НКВД, і ў турме, і толькі потым трупы звозілі сюды.
Уся інфармацыя пра Быкаўню была засакрэчаная, і ўжо потым, пасля таго, як тут перасталі хаваць, праўду пра гэтае месца спрабавалі прыхаваць: і ад людзей, якія жылі побач, і ад сваякоў расстраляных. Афіцыйна гэты запаведнік быў створаны ў 2001 годзе, калі Генеральная пракуратура Украіны нарэшце паставіла кропку ў крымінальнай справе, якая была пачата ажно ў 1989 годзе. Падлічыце самі, колькі прайшло часу…
РР: А як стала вядома, што тут пахаваныя менавіта ахвяры савецкіх спецслужбаў?
Таццяна Шэптыцкая: Першымі пра Быкаўню дазналіся немцы пасля таго, як увайшлі ў Кіеў у 1941 годзе. Бо, згодна з афіцыйнай версіяй, тут былі нейкія савецкія артылерыйскія склады. Немцы і высветлілі, што тут пахаваныя ахвяры НКВД. Але раздзьмуваць гэтую інфармацыю палічылі невыгодным, бо ў нацыстаў у Кіеве былі абсалютна аналагічныя злачынствы – той жа Бабін Яр. Потым, пасля вайны, тут працавалі савецкія камісіі, але выснова была адна: маўляў, гэта ўсё нямецка-фашысцкія захопнікі расстрэльвалі, а ніякія не чэкісты, а той, хто сцвярджае пра НКВД, – злосны антысаветчык. З’яўляліся інфармацыі ва ўкраінскім замежным друку, але ж у шэраговых украінцаў доступу да яго за часамі СССР не было.
Потым тут быў лес, дзе валяліся косткі і чэрапы. Былі і факты марадзёрства: мясцовыя жыхары хадзілі з рыдлёўкамі, шукалі залатыя крыжыкі і зубы.
Вялікі імпульс у расследаванні гісторыі Быкаўні надалі ўкраінскія дысідэнты: паэт Васіль Сіманенка, мастачка Ала Горская і тэатральны рэжысёр Лесь Танюк. Тое, што яны тут пабачылі, іх жахнула: раскіданыя чалавечыя парэшткі і дзеткі, якія чэрапамі граліся ў футбол. Яны напісалі ліст у савецкія органы: маўляў, што ж гэта робіцца? Але ніякіх адказаў яны не атрымалі. Неўзабаве паэта Васіля Сіманенку жахліва збілі міліцыянты, пасля чаго ён памёр, Алу Гораскую забілі пры вельмі загадкавых абставінах, а Лесь Танюк быў змушаны працаваць па-за межамі Украіны.
І толькі ў 1989 годзе, на хвалі “перабудовы”, зноў запрацавала Дзяржаўная камісія. Адбылася эксгумацыя, і стала зразумела, што людзі, якія тут пахаваныя, былі забітыя менавіта ў 1937 годзе і пазней. То бок, ніякія “нямецка-фашысцкія захопнікі” да іх забойстваў не датычныя.
РР: Сярод ахвяр чэкістаў, напэўна, ёсць і беларусы. Ці могуць іх нашчадкі звяртацца да вас, каб высветліць лёсы рэпрэсаваных? Што для гэтага трэба?
Таццяна Шэптыцкая: Вядома ж, так! У нас ёсць адпаведная база дадзеных, дзе зафіксаваныя прозвішчы людзей, якія тут пахаваныя. База, падкрэсліваю, няпоўная, бо яна ўвесь час аднаўляецца і пашыраецца. Увогуле, у Быкаўні пахаваныя прадстаўнікі сарака нацыянальнасцяў – акрамя ўкраінцаў, ёсць і грэкі, і румыны, і амерыканцы, і нават японец. Што тычыцца беларусаў, магу сказаць, што адным з першых, каго мы здолелі ідэнтыфікаваць яшчэ ў 1989 годзе, быў дваюрадны брат Янкі Купалы, расстраляны ў кіеўскім НКВД у 1937 годзе. Пакуль мы не знайшлі яго следчую справу ў архівах СБУ, але ж яна, напэўна, недзе ёсць. Вельмі і вельмі хочам яе адшукаць…
РР: Пра Курапаты, мяркую, вы ведаеце…
Таццяна Шэптыцкая: Вельмі ўважліва адсочваем тую інфармацыю, якая з’яўляецца ў сеціве. І ведаем, як беларусы змагаюцца за тое месца. Пакуль вы ўсе не пачнеце ціснуць на вашую ўладу на ўсіх узроўнях, прытым ціснуць вельмі моцна, ніякіх зрухаў не будзе. Бо ўладзе так больш спакойна, зручна і камфортна. Але трэба перамагчы і саўковую ментальнасць, і ўласны страх…
РР: …перад тым жа КДБ, напрыклад…
Таццяна Шэптыцкая: Менавіта так! Ведаеце, украінцам таксама цяжка было перамагчы тыя страхі і тыя савецкія комплексы. Але мы перамаглі. Што магу параіць? Хіба што нагадаць словы Івана Франка: “Лупайтеся сю скалу!..”
Тым часам у беларускім афіцыйным друку і пагэтуль агучваецца інфармацыя, паводле якой у Курапатах нібыта пахаваныя ахвяры нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На месцы пахавання працягваюцца акты вандалізму. Дый будаўніцтва скандальнага “Бульбаш-хола” блізка Курапатаў ніхто не адмяняў…
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара