Былога кандыдата ў дэпутаты аштрафавалі за пікет



Алесь Таўстыка пакараны штрафам за несанкцыянаваную акцыю. Такое рашэнне прыняў суд у дачыненні да былога кандыдата ў дэпутаты ад Партыі БНФ, прызнаўшы яго вінаватым у арганізацыі пікета пад назвай “Шорацу пакет – заява на пікет”. Акцыя праводзілася ў рамках выбарчай кампаніі, таму кандыдаты ў дэпутаты мелі права ладзіць пікеты дзе заўгодна на сваёй акрузе, аднак суд не прыняў гэтага да ўвагі, кажа Алесь Таўстыка.

– Мы ведаем, якія прысуды будуць, чаго чакаць у гэтай краіне і чаго не чакаць. Суд прымаў рашэнне не ў прававой і дэмакратычнай краіне. Гэтае рашэнне прымалася на працягу 30-40 хвілін недзе наверсе. Я ведаю, што ў нашай краіне яшчэ працуе тэлефоннае права ў дадатак. Але ўсё ж гэта нават менш, чым я чакаў.

Алесь Таўстыка атрымаў штраф у памеры 715 рублёў. Раней па такой жа справе быў пакараны штрафам Уладзімір Падгол, які таксама браў удзел у гэтай акцыі.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск