Былога міліцыянта максімальна пакаралі за абразу мовы



Былы супрацоўнік дэпартамента аховы МУС Васіль Варушчанка максімальна пакараны за абразу беларускай мовы. Суд Навабеліцкага раёну аштрафаваў колішняга міліцыянта на 10 базавых велічыняў, ці 230 беларускіх рублёў.

16357354_1420240488000076_1044517709_o

У працэсе судовага разбіральніцтва Васіль Варушчанка сваю віну прызнаў, заявіўшы, што не ставіў перад сабой мэту абразы беларускай мовы:

– Можаш казаць, што заўгодна, але толькі не абражаць нікога. Калі атрымалася так, што абразіў, значыць буду адказваць, вось пайду зараз заплачу штраф. Не думаю, што я такую шкоду нанёс, што хтосьці пацярпеў. Ну так, хтосьці там пакрыўдзіўся, я разумею, але гэта іх асабістая сэксуальная драма.

Гомельскі праваабаронца Алесь Яўсеянка заўважае, што зняважлівыя выказванні былога міліцыянта нельга абараняць прынцыпам свабоды слова:

– Ёсць крытыка, чалавек выказвае меркаванне, а ёсць прыніжэнне чалавека, мовы – гэта зусім іншае разуменне. У дадзеным выпадку гэта было менавіта прыніжэнне, бо выказана ў такой форме і масава, то бок не адзін чалавек гэта пачуў.

1 снежня 2016 года былы супрацоўнік дэпартамента аховы МУС Васіль Варушчанка размясціў у сацыяльнай сетцы “УКантакце” ў пабліку партала “Моцныя навіны” каментар, што “беларуская мова – гэта труп, які раскладаецца і загнівае”. У адказ ініцыятар кампаніі “Беларускае справаводства” Ігар Случак склаў заяву з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці Васіля Варушчанку за абразу беларускай мовы.

16357358_1420241364666655_294818819_o

Гарвыканкам накіраваў справу для праверкі ў Адміністрацыю Навабеліцкага раёну, якая склала пратакол і накіравала яго ў суд. У судзе Васіль Варушчанка цалкам прызнаў сваю віну. Былога міліцыянта палічылі вінаватым у парушэнні артыкула 9.22 “Парушэнне заканадаўства аб мовах” Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Суддзя Навабеліцкага раёну Дзмітрый Казлоў аштрафаваў былога міліцыянта на 10 базавых велічыняў, ці 230 беларускіх рублёў і папярэдзіў аб недапушчальнасці паўторных дзеянняў.

16326795_1420238888000236_127223635_o

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель