Былому следчаму Яўгену Юшкевічу прысудзілі 11 гадоў калоніі
Былога следчага Яўгена Юшкевіча асудзілі на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Прысуд быў агучаны ў Менскім гарадскім судзе 26 снежня, перадае праваабарончы цэнтр „Вясна”.
Суд над Юшкевічам быў закрыты і працягваўся больш за месяц. 33-гадовага экс-следчага судзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за „арганізацыю масавых беспарадкаў” у 2020 годзе, „распальванне іншай сацыяльнай варожасці” у інтэрв’ю і тэкстах у сацсетках, „пагрозу гвалтам” начальніку ІЧУ на Акрэсціна праз твіт.
Справу разглядала суддзя Алена Ананіч.
Юшкевіч раней служыў у Следчым камітэце. А ў 2020-м годзе ініцыяваў праект ByChange, каб дапамагчы ў перападрыхтоўцы сілавікоў і чыноўнікаў, якія сышлі з працы па меркаваннях сумлення ці якіх звольнілі. Праваабаронцы прызналі Юшкевіча палітвязнем.