Былая кіраўніца з Берасця асуджаная за крадзяжы



За крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі асуджаная 57-гадовая жыхарка Берасця.

Як паведаміў намеснік пракурора Берасця Аляксандр Варабей, жанчына, працуючы ў абласным цэнтры дырэктарам прадстаўніцтва ЗАТ „Холдынгавая кампанія „Пінскдрэў”, з верасня 2010 года па студзень 2017 года заключыла сем фіктыўных дамоў падраду, работы згодна з якімі ў рэчаіснасці не праводзіліся. Налічаныя за нібыта праведзеныя работы грошы яна прысвойвала.

Акрамя таго, кіраўнік прадстаўніцтва аформіла на працу двух чалавек: вартаўніка і прадаўца, якія фактычна не працавалі. Іх заработную плату дырэктар таксама прысвойвала.

Такім чынам дырэктар выкрала 12.265 рублёў, якія належаць прадпрыемству. Падчас следства яна кампенсавала шкоду ў поўным аб’ёме.

23 красавіка суд Маскоўскага раёна Берасця прызнаў жанчыну вінаватай на падставе ч. 3 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры) і прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. У яе канфіскаваная маёмасць, яна пазбаўленая права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на пяць гадоў.

Прысуд не ўвайшоў у законную сілу і можа быць абскарджаны. Раней жанчына судзімая не была.

belapan.by