Былы дырэктар пінскага УКСа асуджаны за крадзеж і службовую нядбайнасць



Вынесены прысуд былому дырэктару УП „Упраўленне капітальнага будаўніцтва горада Пінска” за крадзеж і службовую нядбайнасць, паведаміла прэс-служба Камітэта дзяржкантролю.

Крымінальная справа ў дачыненні да дырэктара была распачатая ў лютым 2017 года па выніках сумеснай праверкі, праведзенай работнікамі Пінскага міжраённага аддзела ўпраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю і Пінскага міжраённага камітэта дзяржкантролю па Берасцейскай вобласці.

Кіраўнік УКБ з ліпеня 2014 года па верасень 2016 года без узгаднення з вышэйшай арганізацыяй налічваў сабе прэміі, аднаразовыя і стымулюючыя выплаты, матэрыяльную дапамогу. Злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, ён незаконна завалодаў грашовымі сродкамі узначаленага ім прадпрыемства на агульную суму 10,6 тыс. рублёў, чым нанёс яму шкоду ў буйным памеры.

На працягу двух гадоў дырэктар УКБ усталёўваў памеры тарыфных акладаў работнікам прадпрыемства звыш максімальна прадугледжаных заканадаўствам. Гэта пацягнула незаконную выплату ім заработнай платы ў 60,6 тыс. рублёў.

Суд Пінскага раёна і Пінска 23 траўня гэтага года прыгаварыў былога кіраўніка да пазбаўлення волі на тры гады шэсць месяцаў з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем на пяць гадоў права займаць арганізацыйна-распарадчыя і адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады. Ён прызнаны вінаватым у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры і службовай нядбайнасці.

Былы дырэктар прадпрыемства ўзяты пад варту ў зале суда.

belapan.by