Былы гендырэктар „Белтэлекама” Сівадзедаў на судзе прызнаў атрыманне хабараў



Былы генеральны дырэктар РУП „Белтэлекам” Сяргей Сівадзедаў у судзе прызнаў сваю віну ў атрыманні хабараў у суме не меншай за 500 тыс. даляраў ЗША ў эквіваленце.

Сівадзедаў праходзіць па „справе шаснаццаці”, слуханне якой пачалося 10 сакавіка ў Вярхоўным судзе. Працэс вядзе суддзя Юрый Руткоўскі, дзяржабвінавачанне прадстаўляюць пракуроры Сяргей Гергель і Кірыл Чубкавец. У зале суда — больш за 20 адвакатаў. Справа разглядаецца ў будынку суда Маскоўскага раёна Менска. Сівадзедаў абвінавачваецца па ч. 3 арт. 430 (атрыманне хабару).

Зачытваючы абвінавачанне, Гергель заявіў, што Сівадзедаў на працягу некалькіх гадоў атрымліваў хабар, выкарыстоўваючы свае паўнамоцтвы, за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю. Напрыклад, за тры разы атрымаў 70 тыс. даляраў ад саўладальніка ТАА „Салідэкс ПІ” і ТАА „Салідэкс” Сяргея Пакрышкі, 400 тыс. даляраў ад былога фактычнага кіраўніка ТАА „Мабільны сэрвіс” Уладзіміра Жыліна.

Сівадзедаў быў прызначаны кіраўніком „Белтэлекама” ў сакавіку 2014 года, да гэтага ён займаў пасаду намесніка гендырэктара па тэхнічных пытаннях. Быў затрыманы 22 красавіка 2019 года, з таго часу знаходзіцца пад вартай. Заключыў дасудовае пагадненне са следствам.

РУП „Белтэлекам” — найбуйнейшы беларускі дзяржаўны аператар сувязі. У абавязкі гендырэктара кампаніі ўваходзіць у тым ліку забеспячэнне абароны дзяржаўных сакрэтаў і абароны інфармацыі.

Фігурантамі справы з’яўляюцца 16 чалавек, у тым ліку былы намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Андрэй Уцюрын. Ён абвінавачваецца ў атрыманні хабараў на суму не меншую за 190 тыс. даляраў ЗША і падбухторванні да дачы хабару.

Выстаўленыя абвінавачанні васьмі службовым асобам дзяржаўных органаў і банкаўскіх устаноў і васьмі прадстаўнікам камерцыйных структур за здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 430 і 431 (атрыманне і дача хабару) КК.

У судзе абвешчаны перапынак да 11 гадзін 11 сакавіка.

belapan.by