Былы гендырэктар менскага «Дынама» прыгавораны да 5 гадоў калоніі



Былы генеральны дырэктар ЗАТ „Хакейны клуб «Дынама-Мінск» Максім Суботкін прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады на працягу пяці гадоў.

d9e712ce-0e21-44aa-962b-9ad7fa52e6f8_cx0_cy7_cw0_w987_r1_s_r1

Такое пакаранне яму прызначыў суд Першамайскага раёна Менска. Прысуд 18 кастрычніка зачытаў суддзя Дзмітрый Цыкал.

Суботкін абвінавачваўся ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 424 КК), перавышэнні службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426 КК) і крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (ч. 4 арт. 210 КК). Суд зняў абвінавачванне ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і замяніў яго на службовую халатнасць (арт. 428 КК).

Падчас дачы паказанняў у судзе Суботкін заяўляў, што прызнае прычыненую сваімі дзеяннямі шкоду клубу і гатовы адказваць за дапушчаныя кіраўніцкія памылкі, якія датычацца стварэння ЗАТ „Маркетынг — ХК „Дынама-Мінск”, аплаты працы падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Менску ў траўні 2014 года свайго прыяцеля Максіма Цынгалёва (атрымаў 20 тыс. долараў за ўдзел у двухгадзінных перамовах), а таксама бізнес-адносін клуба і „Маркетынга” і пераводу дагавораў на рэкламу з клуба ў гэта даччынае прадпрыемства. Пры гэтым Суботкін сцвярджаў, што памылкі былі ўчыненыя без карыслівага намеру, ні капейкі з клуба для сябе асабіста ён не браў. Уся прычыненая шкода пакрытая.

У той жа час абвінавачаны адмаўляў і адмаўляе крадзеж грошай у „Дынама”, які ставіцца яму ў віну. Тут абвінавачванне будуецца на паказаннях Уладзіміра Беражкова — былога генеральнага менеджара клуба. Менавіта ён заявіў на следстве, што перадаваў Суботкіну грошы, якія здымаў з карткі ўладкаванага ім на працу ў „Дынама” у якасці спецыяліста па дзіцяча-юнацкім спорце свайго прыяцеля Леаніда Сагындыкава. Той нібыта працаваў у клубе бясплатна, а ўсё яму Налічанае атрымліваў гендырэктар. Такім чынам Суботкін нібыта атрымаў больш за 1 млрд недамінаваных рублёў.

У судзе Суботкін заявіў, што памілаваны прэзідэнтам Беражкоў яго абылгаў. „Вядома, я рызыкаваў. Часам прымаў авантурныя рашэнні. Прызнаю, што парушыў закон, але ніколі ні адной капейкі клуба мне ў кішэню не звалілася. Прызнаю, што перасёк чырвоную рысу, — сказаў Суботкін у апошнім слове 7 кастрычніка. — Я прызнаю сваю адказнасць, але, як іншыя, не хаваюся за чужыя спіны. Я хачу працаваць, прыносіць карысць дзяржаве, спорту. Я не ўяўляю сацыяльнай небяспекі ні для каго”.

7 кастрычніка дзяржабвінаваўца Аляксандр Андрэеў папрасіў суд прыгаварыць Суботкіна па сукупнасці складаў злачынстваў да шасці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых і арганізацыйна-распарадчых функцый тэрмінам на пяць гадоў.

Адвакаты абвінавачанага Дзмітрый Гарачка і Уладзімір Пташнік прасілі суд прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Што тычыцца эпізоду аб тым, што нібыта меў месца крадзеж грошай, то Суботкіна разам з Беражковым наогул трэба апраўдаць, упэўненыя яны.

Адвакат Уладзімір Пташнік, выступаючы ў спрэчках, паставіў шэраг пытанняў: у крадзяжы чыіх больш за 1 млрд рублёў абвінавачваюць Суботкіна — клуба або Сагындыкава? Чаму Беражкоў кампенсаваў шкоду, калі грошы нібыта перадаваліся Суботкіну? Чаму Суботкін сам не карыстаўся карткай Сагындыкава? Куды Суботкін выдаткаваў такія вялікія грошы? Адвакат звяртаў увагу на тое, што пакупкі з выкарыстаннем гэтай карткі здзяйсняў Беражкоў. „У справе акрамя супярэчлівых паказанняў Беражкова няма доказаў таго, што Суботкін атрымліваў грошы”, — заявіў Пташнік. Гарачка, у сваю чаргу, дадаў: няма ні аднаго доказу, што Беражкоў перадаваў грошы Суботкіну.

Максім Суботкін знаходзіцца пад вартай з 20 ліпеня 2015 года.

БелаПАН