Былы кіраўнік бударганізацыі ў Пінску абвінавачаны ў крадзяжы і халатнасці
Былы кіраўнік будаўнічай арганізацыі ў Пінску абвінавачаны ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і з прычыны халатнасці.
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Дзмітрый Іванюк, згодна са звесткамі следства, 45-гадовы жыхар Пінскага раёна, займаючы пасаду начальніка адной з будаўнічых арганізацый райцэнтра, у сакавіку 2014 года даў указанне падначаленым аб перамяшчэнні транспартнага сродку арганізацыі ў іншае месца захоўвання, якое не было для гэтага прадугледжанае. Адтуль аўтамабіль знік.
Акрамя таго, мужчына атрымаў просьбу аб выпрацоўцы і ўсталяванні металічных вырабаў і прыняў наяўныя грошы для іх аплаты. Разам з тым ён распарадзіўся, каб супрацоўнікі аплацілі замоўленыя ў ІП вырабы сродкамі арганізацыі.
У кастрычніку-лістападзе 2016 года ён даў указанні падначаленаму набыць за кошт сродкаў прадпрыемства плітку для абліцоўкі, якую выкарыстаў пры будаўніцтве свайго дома.
У той жа перыяд часу ён паведаміў ілжывыя звесткі аб пачатку будаўніцтва аб’екта арганізацыі, пасля чаго даў указанні падначаленым перамясціць бетонныя і жалезабетонныя вырабы прадпрыемства на зямельны ўчастак, які планаваў атрымаць.
Такім чынам, згодна са звесткамі следства, арганізацыі абвінавачанага быў нанесены ўрон больш як на 40 тысяч рублёў.
Дзеянні мужчыны следствам кваліфікаваныя на падставе ч. 1 і ч. 2 арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), арт. 428 (службовая халатнасць) Крымінальнага кодэкса. Шкода ім кампенсаваная ў поўным аб’ёме.
Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд. БелаПАН