Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч стаў падазраваным па справе аб тэрарызме



Міліцыяй сумесна з КДБ затрыманая „група асоб, якія выкарыстоўвалі выбухі і падпалы як метады націску на сілавікоў і іх сем’і”. Злачынства класіфікаванае па артыкуле „Тэрарызм”, паведамілі ўвечары 8 снежня ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1”.

Затрыманых падазраюць у датычнасці да падрыву аўтамабіля міліцыянера ў Гародні, а таксама падпалу дома супрацоўніка міліцыі ў Ваўкавыску (Гарадзенская вобласць). Арганізатарам гэтых акцый названы Мікалай Аўтуховіч.

Выбух на паркоўцы ў Гародні адбыўся ноччу 20 лістапада. Знішчаная машына належала супрацоўніку міліцыі.

Паказанні дае адзін з затрыманых фігурантаў справы — беспрацоўны менчанін Павел Сава, які „неаднаразова сядзеў”, як было сказана ў тэлесюжэце. Паводле яго паказанняў, „ён стаяў на шухеры, каб у выпадку небяспекі раскрыцця папярэдзіць непасрэднага арганізатара і выканаўцу тэракта”.

Таксама былі паказаныя ўрыўкі з допыту Аўтуховіча, які сядзіць на крэсле са сцягнутымі пластыкавай сцяжкай рукамі. „Мне дастаткова, каб мне „навесілі” тэрмін толькі за тое, што я заклікаў да звяржэння рэжыму. Гэта ў „Фэйсбуку” паглядзіце. < … > Усяго хопіць на пажыццёвае. У мяне цэлая машына арсенала, што яшчэ трэба даказваць? <…> Мірныя пратэсты нічога не вырашаюць. Таму на гэтай глебе з’яўляюцца ідэі радыкалізму, таму што іншага ніхто не разумее”, — кажа затрыманы. Пры гэтым відэакамера, мяркуючы па кадрах, размешчаная дзесьці пад столлю.

Былі прадэманстраваныя кадры канфіскаваных, як сцвярджаецца, у Аўтуховіча аўтамата, пісталетаў, глушыцеля, каля паўтары тысячы патронаў, восем трацілавых шашак, восем ручных гранат.

Таксама быў паказаны каментар начальніка аддзела следчага ўпраўлення КДБ Канстанціна Бычака. „Агульнанебяспечны спосаб здзяйснення злачынства прывёў да пашкоджання трох іншых аўтамабіляў, якія знаходзіліся на паркоўцы. Выбух адбыўся на паркоўцы, размешчанай паблізу жылога дома і дзіцячага садка, што стварала рэальную пагрозу гібелі ні ў чым не вінаватых людзей”, — сказаў ён.

„Застрашванне насельніцтва і аказанне псіхалагічнага націску на супрацоўнікаў МУС у якасці мэты злачынства, спосабы яго здзяйснення: выбухі, падпалы, якія з’яўляюцца агульнанебяспечнымі, даюць падставы следству класіфікаваць зробленае як акт тэрарызму”, — дапоўніў Бычак.

У сюжэце было заяўлена, што „Аўтуховіч і змоўшчыкі дзейнічалі як арганізаваная тэрарыстычная група”.

„Тая ці іншая дапамога аказвалася і іншымі асобамі. Ступень іх віны ўстановіць следства. Гэта Сяргей Разановіч, Любоў Разановіч, Павел Разановіч, Ірына Гарачкіна, Ірына Мельхер і Антон Мельхер. Міліцыя і чэкісты шукаюць іншых фігурантаў тэрарыстычнай групы. Затрыманыя змешчаныя ў СІЗА. Большасць супрацоўнічаюць са следствам і даюць паказанні”, — паведамілі ў эфіры тэлеканала.

Мікалай Аўтуховіч — ветэран афганскай вайны, грамадскі актывіст, раней быў у Ваўкавыску індывідуальным прадпрымальнікам, двойчы судзімы па крымінальных справах. Першы раз яго арыштавалі ў кастрычніку 2005 года паводле абвінавачвання ў нявыплаце падаткаў і асудзілі на тры з паловай гады пазбаўлення волі. Другі раз Аўтуховіча судзілі ў маі 2010 года. Яго абвінавацілі ў незаконных дзеяннях з агнястрэльнай зброяй і боепрыпасамі — у прадпрымальніка было знойдзена пяць патронаў да паляўнічай вінтоўкі. Аўтуховіч правёў у калоніі больш за пяць гадоў і выйшаў на волю ў красавіку 2014 года.

У абодвух выпадках праваабаронцы прызнавалі Аўтуховіча палітвязнем, асуджаным за актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй.

belapan.by