Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны напісаў у турме 2 кнігі
65-гадовы навуковец, у мінулым выкладчык Віцебскага тэхналагічнага універсітэта, быў асуджаны да шасці з паловай гадоў пазбаўлення волі, выйшаў сёння з калоніі №9, што знаходзіцца ў райцэнтры Горкі Магілёўскай вобласці. У 2015-м годзе яго асудзілі за падбухторванні міліцыянтаў да наўмыснага разгалошвання службовай таямніцы, незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку для сакрэтнага атрымання інфармацыі і даванні хабару, у тым ліку паўторна. Падрабязнасці крымінальнай справы супраць Міхаіла Жамчужнага былі цалкам закрытымі на этапе следства, суд таксама праходзіў у закрытым рэжыме. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем.
Падчас зняволення Жамчужнага шмат разоў каралі змяшчэннем у карцар, не перадавалі карэспандэнцыю, зневажалі чалавечую годнасць. Але не зламалі, кажа цяпер ужо былы палітвязень:
– Я калі трапіў у гэтую калонію, там у самым першым памяшканні на сцяне было напісана “Нас забіваюць знутры”. Калі раней НКУС страляла ў патыліцу, то цяпер забіваюць знутры: уся сістэма перавыхавання ў калоніі арыентавана на тое, каб зламаць псіхіку людзей, падпарадкаваць іх, зрабіць з іх рабоў… Але псіхалагічна мяне не зламалі, я гатовы да бою!
Міхаіл Жамчужны плануе працягваць праваабарончую дзейнасць, якой займаўся да зняволення: збіраць інфармацыю пра парушэнні правоў вязняў у месцах пазбаўлення волі і адстойваць іхнія правы. Ён шчыра дзякуе ўсім, хто падтрымліваў яго лістамі. Кажа, што дзякуючы гэтай падтрымцы ён не толькі адолей цяжкасці, але і напісаў дзве новыя кнігі, прычым адну з іх – па-беларуску.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск