Былы палітвязень Павел Вінаградаў арыштаваны на 15 сутак



Суд Бярэзінскага раёна (Менская вобласць) на выязным пасяджэнні ў Бярэзінскім РАУС 7 ліпеня пастанавіў арыштаваць былога палітвязня Паўла Вінаградава на 15 сутак, паведаміла БелаПАН яго жонка Святлана Вінаградава.

Паводле яе слоў, Вінаградава прызналі вінаватым па ч. 2 арт. 24.23 КоАП (заклік да масавага мерапрыемства з парушэннем парадку яго арганізацыі або правядзення) за пост у „Фэйсбуку”.

Святлана Вінаградава таксама паведаміла, што ў РАУС ёй расказалі аб новай вытворчасці па ч. 1 арт. 24.23 КоАП у сувязі з канфіскаванай таблічкай з нумарам дома ў бел-чырвона-белых танах. „Таблічку адправілі на экспертызу. Калі эксперт угледзіць парушэнне, то гэта будзе расцэнена як адзіночны пікет, калі не ўгледзіць — то не”, — адзначыла яна.

Як паведамлялася, увечары 5 ліпеня блогер і аўтар перадачы „Гэта ж Вінаград!” на тэлеканале „Белсат” Павел Вінаградаў, які жыве ў Беразіне, напісаў у „Фэйсбуку”, што да яго дадому прыйшлі супрацоўнікі міліцыі для „агляду памяшкання”.

Пазней родныя Паўла паведамілі пра яго затрыманне. „Затрыманы за пост у ФБ ад 8 траўня. Там, на думку міліцыі, утрымліваецца заклік да выхаду на акцыю. Заўтра суд, канфіскавалі тэхніку, налепку „Пагоня”, якую нейкія злыдні павесілі на нашу паштовую скрыню, і таблічку з нумарам дома ў БЧБ-танах”, — напісала ў „Фэйсбуку” яго жонка.

Вінаградаў быў арыштаваны пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі, праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. 14 верасня 2011 года ён выйшаў на волю на падставе ўказа Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні, за ім быў устаноўлены прэвентыўны нагляд на тры з паловай гады. Некалькі гадоў таму Вінаградаў пераехаў з Менска ў Беразіно, дзе жыве з жонкай і малым дзіцем.

belapan.by