Былы палітвязень Жамчужны – пад прэвентыўным наглядам міліцыі



Ён выйшаў з-за кратаў 19 лютага, але панятак “на волі” для яго застаецца ўмоўным. Паколькі палітвязень быў прызнаны “злосным парушальнікам рэжыму”, і толькі за два апошнія гады зняволення ў Горацкай калоніі №9 правёў  520 сутак у карцары, за ім усталявалі міліцэйскае назіранне. 

Двойчы на месяц ён мусіць адзначацца ў міліцыі, а супрацоўнікі могуць наведацца да яго ў любы момант і правесці ператрус з канфіскацыяй, распавёў Міхаіл Жамчужны:

– Самыя жорсткія меры нагляду за мной – забаронена пакідаць Беларусь, забаронена пакідаць Віцебск два гады бліжэйшыя, з 9-ці вечара да 6-й раніцы я абавязаны знаходзіцца па месцы жыхарства. Калі такое адбываецца, то мяне, можа, зноўку пасадзяць. Але я не баюся нікога і буду змагацца за правы беларусаў і правы зняволеных.

“Злосным парушальнікам рэжыму” Міхаіла Жамчужнага прызналі за супраціў правакацыям і ціску з боку адміністрацыі калоніі. Падчас знаходжання ў карцары  66-гадовы кандыдат навук займаўся інтэлектуальнай працай: стварыў новую матэматычную тэорыю, якую  выклаў у манаграфіі “Плазменная і лазерная апрацоўка” (на беларускай мове), а таксама напісаў дапаможнік для пачаткоўцаў-дэльтапланерыстаў, паколькі сам доўгі час займаўся гэтым відам спорту. Праўда, перад выхадам з калоніі  навуковыя працы былі канфіскаваныя, але навуковец  кажа, што лёгка адновіць іх па памяці. Незадоўга да арышту ў 2015-м годзе Міхаіл Жамчужны стаў заснавальнікам арганізацыі “Платформа інавэйшн”, якая мела на мэце абарону правоў людзей у месцах зняволення. Былы палітвязень мяркуе і далей працягваць працу ў гэтым кірунку.

 Цалкам гутарку слухайце  ў далучаным файле:

 Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск