Былы палітзняволены Павел Вінаградаў арыштаваны яшчэ на 30 сутак



Былы палітвязень Павел Вінаградаў, які адбывае 15-сутачны арышт, арыштаваны яшчэ на 30 сутак, паведаміла БелаПАН яго жонка Святлана Вінаградава.

Паводле слоў жонкі, раней ёй ужо было вядома, што ў дачыненні да актывіста можа быць пачаты новы адміністрацыйны працэс. „Я перыядычна тэлефанавала, каб даведацца, ці быў суд, — сказала яна. — На мінулым тыдні яго не было. Я патэлефанавала ўчора — справу накіравалі на дапрацоўку. Я патэлефанавала сёння, у судзе [Бярэзінскага раёна] мне сказалі, што яму далі 30 сутак на падставе часткі 3 артыкула 24.23 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, здзейсненае паўторна на працягу года. — БелаПАН.)”.

Вінаградава мяркуе, што яе мужа асудзілі за канфіскаваную таблічку з нумарам дома і назвай вуліцы, на якой была налепка з гербам „Пагоня”.

„Таксама мне стала вядома, што ў дачыненні да запісу ў „Фэйсбуку” ад 8 траўня, за які Паша ўжо сядзіць 15 сутак, распачатая праверка на наяўнасць там крымінальнага злачынства. Што канкрэтна яны там шукаюць, я не ведаю. Але праверка ідзе”, — сказала Святлана Вінаградава.

Яна таксама паведаміла, што 21 ліпеня ў 10.00 ёй па позве належыць з’явіцца ў барысаўскае аддзяленне дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. „У позве напісана, што выклікаюць у якасці сведкі. Па тэлефоне мне сказалі, што па частцы 3 артыкула 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, праз СМІ ці інтэрнэт. — БелаПАН.). З размовы па тэлефоне са следчым я зрабіла выснову, што гэта справа, якая заведзеная на By_Help”, — сказала Вінаградава.

Увечары 5 ліпеня блогер і аўтар перадачы „Гэта ж Вінаград!” на тэлеканале „Белсат” Павел Вінаградаў, які жыве ў Беразіне (Менская вобласць), напісаў у „Фэйсбуку”, што да яго дадому прыйшлі супрацоўнікі міліцыі для „агляду памяшкання”.

Пазней сваякі паведамілі пра яго затрыманне. „Затрыманы за пост у ФБ ад 8 мая. Там, на думку міліцыі, утрымліваецца заклік да выхаду на акцыю. Заўтра суд, канфіскавалі тэхніку, налепку „Пагоня”, якую нейкія злыдні павесілі на нашу паштовую скрыню, і таблічку з нумарам дома ў БЧБ-танах”, — напісала ў „Фэйсбуку” яго жонка.

7 ліпеня суд Бярэзінскага раёна на выязным пасяджэнні ў Бярэзінскім РАУС пастанавіў арыштаваць Вінаградава на 15 сутак па ч. 2 арт. 24.23 КоАП (заклік да масавага мерапрыемства з парушэннем парадку яго арганізацыі або правядзення). У дзень суда жонцы Вінаградава паведамілі, што канфіскаваная таблічка з нумарам дома накіраваная на экспертызу, і паводле яе вынікаў у дачыненні да Паўла можа быць распачаты новы працэс.

Вінаградаў быў арыштаваны пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі, праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. 14 верасня 2011 года ён выйшаў на волю на падставе ўказа Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні, за ім быў устаноўлены прэвентыўны нагляд на тры з паловай гады. Некалькі гадоў таму Вінаградаў пераехаў з Менска ў Беразіно, дзе жыве з жонкай і малым дзіцем.