Былы работнік «Гомсельмаша» аспрэчвае сваё звальненне
Былы работнік «Гомсельмаша» Арцём Савіцкі аспрэчвае сваё звальненне ў судзе.
Электраманцёр 3 разраду абвясціў страйк з патрабаваннем спыніць гвалт на вуліцах гарадоў і выступіў супраць фальсіфікацыяў на выбарах.
Пасля гэтага Арцём Савіцкі застаўся без працы. Афіцыйна яго звольнілі за знятае відэа, на якім ён паказвае, што невядомыя зачынілі яго ў адным з памяшканняў прадпрыемства. А таксама за тое, што перайшоў дарогу ў недазволеным месцы.
Сам Арцём Савіцкі лічыць сваё звальненне палітычна абумоўленым:
– Я даведаўся, што на маім прадпрыемстве людзі збіраюцца страйкаваць і патрабаваць ад уладаў адмены гэтых выбараў. Калі яшчэ людзей білі, я асабіста патрабаваў, каб перасталі такія жахлівыя метады ўжываць да людзей, якія жывуць у маёй краіне.
Праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што калі б не страйк, то Арцём Савіцкі працаваў бы і далей на прадпрыемстве:
– Сапраўдная прычына, гэта тое, што гэтыя людзі актыўныя. Ён удзельнічаў у тым страйку, які праходзіў на «Гомсельмашы». Зразумела, каб не гэты страйк, працаваў бы Арцём і далей на сваёй працы і не было б гэтага. Таму што насамрэч нават за тое, што ён перайшоў дарогу не ў тым месцы, яму казалі, што яго караць не будуць. А тут аказалася, што яго пакаралі і, напэўна, заднім чыслом.
Таксама ў судзе Чыгуначнага раёна аспрэчвае сваё звальненне і іншым работнік «Гомсельмаша» Валерый Крахмалаў, які таксама ўдзельнічаў у страйку на заводзе.
Беларускае Радыё Рацыя