Былы старшыня сельсавета: Каго трэба, таго і выберуць
40 кандыдатаў абіраюцца ў Глыбоцкім раёне ў мясцовы і абласны Саветы дэпутатаў. Сярод іх толькі адзін незалежны кандыдат – Зміцер Лупач. На яго ўчастку №6 па пятай выбарчай акрузе супраць яго выстаўлены дзве праўладныя кандыдатуры. На ўсіх астатніх участках праўладныя кандыдаты абіраюцца без альтэрнатывы.
Мы запыталіся ў глыбачанаў, ці ведаюць яны сваіх кандыдатаў і ці пойдуць на выбары:
– Абавязкова, а як жа, 18-га. Не ўсіх ведаю кандыдатаў.
– Не ведаю кандыдатаў, пайду галасаваць. Далёка ад палітыкі, я больш з унукамі.
– Некаторыя не хочуць, мы ходзім заўсёды.
– Трэба выканаць грамадзянскі абавязак. На выбары пайду, але галасаваць не буду, бо стаміўся ад выбараў. У свой час я працаваў старшынём сельсавета, займаўся выбарамі – гэта ўваходзіла ў абавязкі. Каго трэба, таго і выберуць, гэта нічога не зменіць.
З 13 лютага ўжо пачалося датэрміновае галасаванне. Кандыдатамі ў дэпутаты на выбарах у мясцовыя саветы 28-га склікання ў Беларусі зарэгістравана больш за 22 тысячы чалавек. У Глыбоцкім раёне з 40 кандыдатаў амаль усе займаюць кіруючыя пасады. Уcяго ў раёне 33 участкі для галасавання, шэсць з якіх знаходзяцца ў самім горадзе.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя