Былы старшыня Жодзінскага гарвыканкама абвінавачваецца ў атрыманні хабару
Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да былога старшыні Жодзінскага гарвыканкама.
Як паведамляе прэс-служба ведамства, мужчына абвінавачваецца ва ўчыненні „шэрагу злачынстваў супраць інтарэсаў службы, у тым ліку звязаных з забеспячэннем беспадстаўнага пералічэння грашовых сродкаў у асабліва буйным памеры прадпрымальнікам, з якімі падтрымліваў сяброўскія адносіны”.
Былы кіраўнік Жодзінскага гарвыканкама таксама абвінавачваецца ў атрыманні хабараў у буйным і асабліва буйным памеры. „За незаконныя ўзнагароджанні ён спрыяльна вырашаў пытанні ў інтарэсах прыватных арганізацый-забудоўшчыкаў аб будаўніцтве шматкватэрных жылых дамоў у Жодзіне, забеспячэнні максімальнай іх паверхавасці і мінімізацыі абцяжаранняў па перадачы ў камунальную ўласнасць кватэр у гэтых дамах”, — адзначаецца ў паведамленні.
Падчас расследавання праведзена больш за 200 допытаў сведак. „Следчымі вывучаны вялікі аб’ём дакументацыі, у выніку чаго выяўленыя і далучаны да справы падробленыя дакументы, вырабленыя для ўтойвання фактаў здзяйснення злачынстваў, — паведамляе СК. — Акрамя таго, прааналізаваныя і іншыя звесткі, якія паказваюць на выражаны неслужбовы характар адносін былога старшыні выканкама і кіраўнікоў некаторых суб’ектаў гаспадарання”.
Паводле інфармацыі ведамства, старшыня Жодзінскага гарвыканкама быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС і УУС Менаблвыканкама непасрэдна пасля атрымання чарговага хабару. Падчас следства таксама выяўленыя і канфіскаваныя раней атрыманыя ім незаконныя ўзнагароджанні.
Дзеянні 57-гадовага абвінавачанага кваліфікаваныя на падставе ч. 3 арт. 426 (перавышэнне службовых паўнамоцтваў), ч. 3 арт. 430 (атрыманне хабару) Крымінальнага кодэкса. Да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. У якасці абвінавачаных таксама прыцягнутыя двое грамадзян, якія ўдзельнічалі ў перадачы хабару.
У адрас Менскага абласнога выканаўчага камітэта следчым унесена прадстаўленне аб ліквідацыі парушэнняў закона, прычын і ўмоў, якія спрыялі ўчыненню злачынстваў.
Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.
Фото: zhodinonews.by