Былы супрацоўнік міліцыі: Затрыманне Ціханоўскага было спланавана ў Менску



Кірыл – адзін з многіх беларусаў, якія былі вымушаны з’ехаць з Беларусі. У нядаўнім мінулым  – супрацоўнік органаў унутраных спраў. Пачалося ўсё ў жніўні, калі адразу пасля жорсткага абыходжання з мірнымі грамадзянамі Кірыл кінуў службу. Чаму многія з ягоных калегаў так і не адважыліся гэта зрабіць, Ганне Комінч расказвае Кірыл:

Супрацоўнікаў адмыслова штурхаюць на тое, каб яны былі залежныя. Залежныя ад крэдытаў, ад жылля і ад іншых бытавых пытанняў. Адна з умоваў гэта, канешне, сям’я. Людзі, у якіх ёсць дзеці, ёсць жонка, яны маюць права стаць на гэтую чаргу. Але ад пачатку пазіцыянавалася так, што супрацоўніка органаў унутраных спраў, маладога супрацоўніка, які далей будзе працаваць на нейкую перспектыву, дзяржава павінна забяспечыць нейкім мінімумам, але цяпер гэты мінімум атрымліваюць тыя супрацоўнікі, якія працуюць непасрэдна на ўмацаванне дзяржаўнага ладу, умацаванне яго пазіцыі, умацаванне пазіцыі самой сістэмы. Я з гэтым асабіста не сутыкаўся, я проста ведаю сваіх былых калег, якія працуюць у АМОН, патрульна-паставой службе, участковымі інспектарамі. Усе гэтыя людзі непасрэдна сутыкаліся менавіта з працай з грамадзянамі, я не буду іх абвінавачваць у нейкай там фальсіфікацыі, але па меншай меры супрацьзаконных выпадкаў з боку міліцыі, я лічу, было дастаткова.

РР: Вы былі сведкам такіх падзеяў? Вам давялося гэта пабачыць на ўласныя вочы?

– На ўласныя вочы я пабачыў 12 жніўня, калі ўключылі інтэрнэт. Шмат я бачыў у міліцыі супрацоўнікаў, якім лянота працаваць, якія не зацікаўлены ў службе, яны проста атрымліваюць зарплату, разумеючы, што закончыўшы службу ў міліцыі хутчэй за ўсё ім няма куды будзе пайсці. То бок спектр магчымасцяў і спектр здольнасцяў чалавека, які папрацаваў працяглы час у міліцыі, ён вельмі вузкі. Цывільная праца яна больш разнастайная. Супрацоўнікі міліцыі гэта ў асноўным людзі, якія выконваюць адны і тыя ж дзеянні кожны дзень. Я не кажу пра ўсе падраздзяленні. Я кажу пра сяржанцкі склад парульна-паставой службы. Яны павінны быць у любым выпадку. Але проста ў такой колькасці, як утрымлівае наша сістэма, у мне проста галава ідзе кругам.

РР: Усе міліцыянты, якіх я ведаю, яны падзяліліся на дзве катэгорыі: тыя, хто падтрымлівае ўладу і далей служыць, і на тых, хто ўладу не падтрымлівае, і частка гэтых людзей даўно кінулі службу, як і вы.

Калі я яшчэ быў супрацоўнікам органаў унутраных спраў, яшчэ да пачатку выбараў, пачынаючы з траўня, я таксама прымаў удзел у мірных акцыях. Мы выходзілі ў ланцугі салідарнасці, аддавалі свае подпісы за будучых кандыдатаў у прэзідэнты. Так, мне было страшна, я заўсёды надзяваў маску, надзяваў кепку. У мяне проста не было выбару. Я заўсёды ведаў, што павінна нешта змяніцца. Я скажу так, гэта быў красавік, у мяне пачалі з’яўляцца думкі, што трэба з’язджаць з краіны, таму што я пачаў губляць веру ў людзей. Я чамусьці не верыў, што ў будучым Беларусь прачнецца. Але калі пачаліся гэтыя падзеі, мой баявы дух акрыяў. Мне захацелася ў гэтым прымаць удзел. Калі прыязджала да нас у Гародню Святлана Ціханоўская, я прысутнічаў. Калі пасадзілі ў турму Віктара Бабарыку, мы выходзілі ў цэнтр горада і станавіліся ў ланцугі салідарнасці. Быў нават 29 траўня, калі затрымлівалі ў нас Сяргея Ціханоўскага, я тады працаваў, знаходзіўся на службе, у 6 гадзін у мяне закончылася служба, і я пайшоў у спартзал. Займаўся ў спартзале, ён знаходзіцца на тэрыторыі дзе я працаваў. Выходжу са спартзала і мне тэлефануюць сябры. Мы ўжо ў цэнтры, Сяргей Ціханоўскі прыехаў, мы цябе  чакаем. Я бачу, у двор стаць БМВ “Стралы” – гэта менская спецпадраздзяленне. Думаю, што яны тут могуць рабіць. Я выйшаў на вуліцу, прайшоўся да цэнтру. Мне ўжо сябры гавораць, што Сяргея затрымалі. Затым пачаўся разбор палётаў. Пачалі з’яўляцца гэтыя відэазапісы. І затым я згадаў, што бачыў БМВ “Стралы”. І інфармацыя была такая, што на момант затрымання Сяргея Ціханоўскага, у Гародні знаходзілі Барсукоў і калі я не памыляюся, Карзюк. То бок, усё гэта было спланавана. Усё было па кантролем вышэйстаячага кіраўніцтва.

Цалкам размова:

Размаўляла Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя