Былы супрацоўнік МУС: Дзякуй фондам салідарнасці за дапамогу!
Беларусы, якія засталіся без працы па палітычных прычынах, беларусы, якія вымушаны былі ўцякаць з Беларусі, на якую дапамогу яны могуць разлічваць? Сваю асабістую гісторыю расказаў госць Радыё Рацыя Кірыл, былы супрацоўнік органаў унутраных спраў Беларусі.
РР: Размова ў нас пойдзе пра тых людзей, якія страцілі працу ў Беларусі, а некаторыя нават апынуліся за межамі сваёй краіны. Як, напрыклад, вы.
– Так, я сутыкнуўся з праблемай ад’езду з роднага краю ў замежжа. Многія людзі, якія з’ехалі ў чужую краіну, сутыкаюцца з такімі праблемамі, як моўны бар’ер, а таксама з працэсам уваходжання ў невядомы яму бытавы ўклад, з якім раней ён не сутыкаўся, а таксама працаўладкаванне, пошук працы, пошук жытла, а таксама юрыдычныя пытанні. Створаныя фонды дапамагаюць людзям. І насамрэч яны працуюць. Хачу перадаць вялікую падзяку гэтым арганізацыям – Цэнтру беларускай салідарнасці і Цэнтру падтрымкі замежнікаў, а менавіта фонду “Вакно на Усход”. Так, сапраўды, існуюць розныя фонды і арганізацыі, якія дапамагаюць беларусам, падтрымліваюць іх у цяжкі час. Існуе фонд By_Sol, які дапамагае беларусам, што згубілі працу. Дапамагае аднаразовай фінансавай выплатай. Вялікая сума была выдаткавана на падтрымку беларускіх рабочых, а таксама былых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія згубілі працу, і якія былі вымушаны з’ехаць з тэрыторыі сваёй краіны.
РР: Дарэчы, ёсць інфармацыя, што сродкі фонда By_Sol заблакавалі ўлады і што людзі не змаглі атрымаць гэтыя сродкі.
– Так, фонды сутыкнуліся з праблемай блакіроўкі рахункаў. Але я думаю, што людзі, якія працуюць у гэтых фондах, яны маюць розум і знойдуць спосабы падтрымаць беларускі народ, беларусаў, якія змагаюцца за вольную краіну, праяўляюць неверагодную волю і трыванне ў цяперашніх падзеях.
РР: А як менавіта вы атрымалі сваю дапамогу?
– Пасля майго звальнення я ў прынцыпе ведаў пра існаванне такіх фондаў. Але быў такі момант, калі ў адным з тэлеграм-каналаў я пабачыў інфармацыю, што будуць публікавацца спісы супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія зараз праходзяць службу. На той час я быў звольнены, таму прыняў рашэнне напісаць у гэты тэлеграм-канал і паведаміць, што я звольніўся і да ліку дзеючых супрацоўнікаў сябе не адношу. Пасля чаго мне прыйшоў адказ з падзякай і паведамленнем, што я магу звярнуцца ў фонд за дапамогай.
Цалкам размова:
З госцем Радыё Рацыя Кірылам размаўляла Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя