Былы віцебскі міліцыянт: Яны называюць пратэстоўцаў “скатамі”
Былы міліцыянт Андрэй Глазкоў спрабаваў аспрэчыць у Віцебскім абласным судзе апошні штраф, прысуджаны яму за ўдзел у мірных пратэстах. Зрабіць гэта не выйшла: суддзя Ірына Смалякова пакінула судовае рашэнне без зменаў. Андрэя Глазкова штрафавалі двойчы – на 54 і на 540 рублёў.
Перад другім судом яго трое сутак трымалі ў следчым ізалятары. А падчас суду яго найбольш абурыла стаўленне да пратэстоўцаў з боку ягоных былых калег, кажа Андрэй Глазкоў:
– На відэа ў судзе, дзе падаюць доказы маёй віны, супрацоўнік міліцыі кажа: “Глядзі, ва ўсіх гэтых скатоў добра твары відаць”. Для яго “скаты” – гэта ў дачыненні да лекараў, чыгуначнікаў, да мяне, да пенсіянераў, якія ішлі побач з радаснымі тварамі, з кветкамі, шарыкамі, ішлі з дзецьмі… Вось для яго гэта ішлі “скаты”.
Андрэй Глазкоў пайшоў з міліцыі яшчэ 13 гадоў таму ў званні маёра. Паводле яго словаў, служыць далей “не дазволіў міліцэйскі гонар” і ўсведамленне таго, што праца ў міліцыі не нясе карысці дзяржаве і людзям, як ён лічыў раней. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9-га жніўня былы міліцыянт стаў удзельнікам мірных пратэстаў. Паводзінамі былых калегаў ён бязмежна абураны. На думку былога супрацоўніка МУС, такі гвалт могуць чыніць або людзі, псіхалагічна схільныя да жорсткасці, якія атрымалі дазвол на любыя меры, або тыя, каго чымсьці шантажуюць, ці асобы ў залежным становішчы. Не выключае ён і таго, што твары за чорнымі балаклавамі хаваюць не беларускія міліцыянты, а замежныя наёмнікі. Бо падобную жорсткасць да суайчыннікаў немагчыма патлумачыць здаровым сэнсам.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск