Былы вясковы функцыянер пакрыўдзіўся на прадпрымальніка
Прадпрымальніка Дзяніса Кругліка прысудзілі да трох базавых велічыняў штрафу нібыта за абразу былога старшыні сельсавету з вёскі Лойкі Вячаслава Сідара, што ў Гарадзенскім раёне. Канфлікт адбыўся яшчэ напрыканцы сакавіка ў вёсцы Лойкі каля мясцовай крамы.
Дзяніс Круглік лічыць, што былы функцыянер меў да яго асабістыя дачэпкі:
– Да мяне чапляўся з размовай, хоць я не хацеў з ім размаўляць ні на якую тэму. Але ён працягваў чапляцца, правацыраваць мяне на далейшую размову, што мне вельмі не падабалася. Я яго спытаў: што вас матывуе чапляцца з размовай да мяне? У вас праблемы са здароўем, або гэта ўзроставае?
Справа дайшла да суда, аднак прадпрымальнік не згодны з рашэннем Гарадзенскага раённага суда.
– Падчас судовага разгляду заслухалі абодва бакі. Але таму, што яго сведкі сведчылі, што я кепска сябе паводзіў, хаця абсалютна гэта не мела месца, мне прысудзіл штраф.
РР: Што цяпер? Якія вашыя далейшыя дзеянні? Ці будзеце абскарджваць гэты штраф?
– Я нават не ведаю. Відаць, сэнсу абскарджваць няма. Бо сведкі – жыхары яго вёскі, яго знаёмыя. Нічога тут не зменіш.
Прадпрымальнік лічыць, што беларуская судовая сістэма стаіць на баку як былых, так і сучасных функцыянераў і пакідае за сабой магчымасць для распаўсюду інфармацыі пра гэтую сітуацыю звярнуцца ў прэсу.
Беларускае Радыё Рацыя