Былы вязень Асвенцыма стаў найстарэйшым мужчынам планеты



Папярэднім рэкардсменам быў японец Ясутаро Коіде, які памёр у студзені 2016 года ў ўзросце 112 гадоў і 312 дзён.

Ісраэль Крыштал з Хайфы (Ізраіль) з’яўляецца на дадзены момант найстарэйшым з мужчын, якія жывуць у свеце. Ён атрымлівае гэта званне ва ўзросце, які на 11 сакавіка 2016 года складае 112 гадоў і 178 дзён, гаворыцца ў паведамленні на сайце Кнігі рэкордаў Гінеса.

Крыштал

Крыштал нарадзіўся 15 верасня 1903 году ў рэлігійнай габрэйскай сям’і на тэрыторыі Польшчы, якая ўваходзіла тады ў склад Расейскай Імперыі. Страціў сям’ю ў гады Другой сусветнай вайны, сам прайшоў праз гета і некалькі нацысцкіх канцлагераў, у тым ліку Асвенцым. На момант вызвалення ў маі 1945 года ён важыў 33 кілаграма.

„Я не ведаю сакрэту даўгалецця. Я веру, што ўсё наканавана звыш, і мы ніколі не даведаемся, па якіх прычынах. Былі людзі разумнейшыя, мацнейшыя, прыгажэйшыя за мяне, але іх больш няма ў жывых”, – сказаў Крыштал, атрымліваючы пасведчанне аб рэкордзе у сваім доме ў горадзе Хайфе на поўначы Ізраіля.

У 1950 годзе ён эміграваў з Польшчы ў Ізраіль. Ад другога шлюбу ў яго нарадзіўся сын. Усё жыццё Крыштал займаўся кандытарскай справай.