Былы выкладчык спрабуе ўзнавіцца на працы праз суд (абноўлена)
Позва былога выкладчыка Берасцейскага медычнага каледжа Аляксандра Мельніка ў судзе Маскоўскага раёна не задаволена. Суддзя Таццяна Ласковіч стала на бок кіраўніцтва каледжа. Аляксандр Мельнік так і не даведаўся, за што яго звольнілі. Дырэктар на суд не з’явіўся, а завуч каледжа не ведае прычыны звальнення. Яна агучыла, што па рабоце выкладчыка прэтэнзій не было, кажа Аляксандр Мельнік:
– Я прасіў, каб у суд запрасілі дырэктара коледжа, каб у яго даведацца матывіроўку прыняцця рашэння на маё звальненне. Але суд маё хадайніцтва не задаволіў. І, у прыватнасці, калі ўзяць кіраўніка, ён не проста так захацеў, каб чалавек побач з ім не працаваў, значыць, нешта было, дык ты скажы гэта.
Паводле Мельніка, ён не згодны з рашэннем суда і будзе абскарджваць яго ў вышэйшых судовых інстанцыях, паколькі неабаснаванымі рашэннямі кіраўніка медычнага каледжа ён пазбаўлены права на працу і выкінуты на вуліцу.
* * *
Аляксандар Мельнік, былы выкладчык Берасцейскага дзяржаўнага медычнага каледжа, спрабуе ўзнавіцца на працы праз суд.
Кантракт з адмыслоўцам па ахове працы і абароны насельніцтва пры надзвычайных сітуацыях быў непрацягнуты на карысць выкладчыкаў ангельскай мовы і матэматыкі. „Але гэта медычны каледж, а менавіта пры надзвычайных сітуацыях ад медыкаў залежыць жыццё насельніцтва,” – кажа Аляксандар Мельнік. Ён лічыць, што сапраўдная прычына яго звальнення – ўдзел у апошніх выбарах.
– Паколькі я ўдзельнічаў у выбарах у Берасцейскі гарадскі Савет дэпутатаў, на мяне, адпаведна, аказваўся ціск у час выбарчай кампаніі, былі пагрозы з боку адміністрацыі. Дырэктар коледжу перашкаджаў выконваць абавязкі кандыдата.
Праваабаронца і прававы інспектар прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Уладзімір Малей лічыць кантрактную сістэму сапраўднай бядой беларусаў. Кантракт ператварае працоўнага чалавека ў раба, кажа Уладзімір Малей.
– У дадзеным выпадку мы маем яскравы прыкладпрымянення карных мер у дачыненні да работнікаў, якія займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, і прафесіяналаў сваёй справы. Ад наймальніка не патрабуць доказаў і матывацыі таго, чаму не працягваееца з работнікам кантракт.
Аляксандар Мельнік не мае вялікай надзеі на перамогу. Яго судовы іск – гэта пратэст супраць кантрактнай сістэмы. Былы выкладчык хоча пачуць у судзе, за што яго пазбавілі канстытуцыйнага права на працу.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя