Былы выведнік: Мілітарызацыя памежжа – трывожная праява
Расея размяшчае дадатковыя вайсковыя сілы ўздоўж беларускай і ўкраінскай межаў. У горадзе Клінцы Бранскай вобласці з’явяцца новыя вайсковыя часткі, дзе будзе дыслакавацца 28-я мотастралковая брыгада. Вайскоўцы гэтага злучэння прымалі ўдзел у анексіі Крыма і спецаперацыях на Данбасе.
Інфармацыю пра з’яўленне новых вайсковых баз на мяжы з Беларуссю сабралі з адкрытых крыніцаў валанцёры інтэрнэт-рэсурса InformNapalm:
Былы вайсковы выведнік Андрэй Толчын лічыць мілітарызацыю памежжа трывожнай праявай:
– Калі на такой адлегласці размяшчаецца частка, якая можа быць хутка перакінута і пайсці ў атаку, то заўсёды гэта расцэньваецца як правакацыя ці нейкі варожы акт. Больш за тое, гэта ж так званая саюзная дзяржава, якія ж тут могуць быць войскі? Гэта ж саюзнікі, але яны размяшчаюць гэтыя войскі.
Паводле апублікаваных дадзеных, адлегласць ад новых расейскіх вайсковых базаў у Бранскай вобласці да Веткаўскага раёна Гомельшчыны будзе складаць прыблізна 50 км. Да Гомеля – 90 км.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель