BYPOL: Улады рыхтуюць тэракт на Дзень Волі
Аб’яднанне BYPOL выступіла з папярэджаннем, што ўлады Беларусі рыхтуюць тэракт на Дзень Волі, каб пасля яго ўвесці ў краіне надзвычайнае становішча.
Удзельнікі BYPOL заяўляюць, што акцыю рыхтуюць супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі, а адбыцца яна павінна ў адным з будынкаў органаў унутраных спраў.
„Дакладнасць такога сцэнару, акрамя атрыманай намі інфармацыі, пацвярджаецца логікай апошніх крокаў рэжыму: зробленай 11.03.2021 заявы аб гатовасці весці вайну ўнутры краіны; накіраванне 12.03.2021 кіраўніком МУС сакрэтнага запыту ў адрас міністра абароны аб прыцягненні Узброеных Сіл да аховы грамадскага парадку на 25 сакавіка; і нарэшце вылучаныя Лукашэнкам пры наведванні 21.03.2021 мемарыяльнага комплексу „Хатынь” абвінавачванні ў адрас прыхільнікаў нацыянальнага сімвала Беларусі — бел-чырвона-белага сцяга”, — заяўляюць у BYPOL.
„Гэтай публікацыяй мы папярэджваем групу людзей, якія нелегітымна ўтрымліваюць уладу — планы па правакацыі, якая рыхтуецца, дэталёва вядомыя нам, а таксама міжнароднай супольнасці. Адначасна звяртаемся да дзяржаўных службоўцаў і людзей у пагонах: „Ці гатовыя вы ў рэчаіснасці калечыць і забіваць беларусаў дзеля захавання ўлады аднаго кіраўніка, які выжыў з розуму?”
У сваім звароце ўдзельнікі BYPOL кажуць, што не заклікаюць беларусаў адмовіцца ад святкавання Дня Волі. Але просяць быць больш пільнымі, і трымацца падалей ад адміністрацыйных будынкаў, асабліва будынкаў органаў унутраных спраў. Таксама яны заклікаюць па магчымасці пазбягаць грамадскага транспарту. А пра падазроныя прадметы — неадкладна паведамляць у міліцыю.
BYPOL — аб’яднанне былых сілавікоў, якія пакінулі дзяржаўную службу ў сувязі з падзеямі 2020 года і выступаюць за дэмакратычныя перамены ў Беларусі.