Быць перакананым у тым, што зло пахіснецца



Гэта адзін з запаветаў Казіміра Свёнтэка (1914-2011). Першы кардынал Беларусі адышоў у вечнасць пяць год таму. Ягонае імя знакавае для ўсяго хрысціянскага свету. Жыццёвы шлях іерарха даўжынёю ў 96 гадоў напоўнены выпрабаваннямі і пакутамі, якія выпалі ў ХХ стагоддзі на беларускую зямлю.

Казімір Свёнтэк усё жыццё прысвяціў служэнню Богу, за што прайшоў праз сталінскія лагеры і здзекі атэістаў, але веры не выракся. Калі падлічыць, то звыш 12 гадоў кардынал правёў у зняволенні за святарства. Лёс ксяндза-кардынала — прыклад таго, на якія пакуты гатовы ісці хрысціянін і колькі добрага магчыма здзейсніць.

Пілігрымка з Баранавіч ў Пінск. Кардынальна змяніла жыццё гімназіста Казіміра. Свёнтэк звязаў сваё жыццё са служэннем Богу пасля малітвы каля труны Зігмунта Лазінскага. Юнак, скончыўшы гімназію ў Баранавічах, далучыўся да пілігрымкі ў Пінск. Чарга ісці ў крыпту, да мошчаў іерарха, дайшла да Свёнтэка. У момант малітвы ён адчуў пакліканне быць святаром. Уся гэтая сітуацыя здзівіла не толькі сяброў Казіміра, але і яго самога, бо меў намер быць філолагам ды ўжо рыхтаваўся да паступлення ў Віленскі універсітэт. У выніку скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю імя Фамы Аквінскага ў Пінску. Такім чынам Зігмунт Лазінскі стаў нябесным заступнікам першага беларускага кардынала. Свёнтэк звяртаўся па дапамогу да памерлага іерарха з розных прычын і атрымліваў неабходную дапамогу.

Sventek1

 Комплекс кафедральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Снежань 1954 года. Пасля дзесяці гадоў сталінскіх лагераў ксёндз вярнуўся ў Пінск, дзе вернікі баранілі касцёл. Ва ўсёй акрузе бальшавікі ліквідавалі святыні, але ў горадзе над Пінай група парафіян трымалася. У тых умовах, гэта быў сапраўдны подзвіг. Свёнтэк адрадзіў парафію і стаў адным з нямногіх, хто падтрымоўваў рэлігійнае жыццё ў атэістычнай краіне.

Ахова для ксяндза. Каб пазбегнуць правакацый, нападкаў, а тым больш арышту, вернікі арганізоўвалі ахову сваяму святару. Хадзілі групай альбо некалькі чалавек па чарзе суправаджалі Свёнтэка ад касцёла дадому і наадварот. Толькі калі ён замыкаўся і гасіў святло, парафіяне здымалі ахову. Так было некалькі першых год пасля вяртання з сылкі.

Перліна Палесся. Пінскі кафедральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, а дакладней увесь былы комплекс францысканцаў мог знікнуць. Сярод тагачаснай камуністычнай улады ўзнікла ініцыятыва выкарыстаць святыню пад бровар. Спатрэбілася шмат намаганняў, каб ідэя не ажыццявілася. Цяпер нават цяжка ўявіць сталіцу Палесся без святыні. Гэта гонар не толькі для пінчан, але для ўсёй краіны. Мастацтвазнаўцы называюць комплекс адным з цудаў Беларусі і ён мае статус помніка рэспубліканскага значэння.

Sventek2

Панарама пінскіх старажытных могілак.

Пінскі некропаль. Так па праву называюць пінскія старажытныя могілкі, якія паўсталі ў першай палове ХІХ стагоддзя. Тут знайшлі вечны спачын выбітныя дзеячы Беларусі, Польшчы і Літвы. На жаль, за савецкі час пахаванні прыйшлі ў заняпад і большая частка ліквідавана, але нават тое, што захавалася, дае ўяўленне велічы і знакавасці могілак. Тут пахаваныя прадстаўнікі вядомых радоў Агінскіх, Ордаў і Скірмунтаў. Удзельнікі вызваленчай барацьбы, нямецкія, польскія, рускія жаўнеры і маракі. У 1993 годзе комплекс быў уключаны ў спіс гісторыка-архітэктурнай спадчыны. Але ж усяго гэтага магло не быць. Улады мелі намер на месцы могілак пабудаваць стадыён, але Казімір Свёнтэк перайграў чыноўнікаў. На той час не мелася месца, дзе хаваць яўрэяў і ксёндз адвёў частку тэрыторыі. Так могілкі ўжо не лічыліся закрытымі.

У еднасці моц! Казімір Свёнтэк заклікаў каталікоў маліцца за братоў-праваслаўных. Не дзяліў людзей па рэлігіі або нацыянальнасці. Лічыў, што моц крыецца ў еднасці хрысціян. Ведаючы, як часам святары розных канфесіяў змагаюцца паміж сабой, такі падыход іерарха можа здзіўляць. Толькі вось семінарскія гады Свёнтэка прайшлі ў Пінску, калі дыяцэзію ўзначальваў біскуп Казімір Букраба. Як вядома, Букраба сябраваў з пінскім праваслаўным епіскапам Аляксандрам Іназемцавым. Дык вось, іерархі не хавалі прыязных адносін, прапагандавалі памяркоўнасць і павагу. Казімір Букраба і Аляксандр Іназемцаў разам каталіся на лодцы па Піне, шпацыравалі па набярэжнай. Кагосьці з вернікаў гэта бянтэжыла, але ў большасці выхоўвалася павага.

Sventek3

Крыпта ў пінскай катэдры.

Адраджэнне семінарыі ў Пінску. Сёлета спаўняецца пятнаццаць гадоў, як намаганнямі першага беларускага кардынала Казіміра Свёнтэка ў Пінску аднавіла дзейнасць Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная каталіцкая семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага. Яна паўстала яшчэ ў 1925 годзе, але з пачаткам Другой Сусветнай вайны і ўсталяваннем савецкай улады дзейнасць была прыпынена. Дарэчы, Казімір Свёнтэк скончыў яе ў 1939 годзе і гэта апошні выпуск перад закрыццём на доўгіх шэсцьдзесят гадоў. У 2001 годзе Ян Павел ІІ падпісаў дэкрэт аб адкрыцці і ў тым жа годзе семінарыя прыняла першых навучэнцаў.

Аматар палявання. Казімір Свёнтэк хадзіў на паляванне разам са сваім сябрам-парафіянінам, але ніколі не стрэліў. У яго быў фотаапарат і ксёндз здымаў унікальны раслінны і жывёльны свет Палесся. Кардынал пакінуў пасля сябе вялікую фатаграфічную спадчыну, а яшчэ цікавую дакументальную стужку «Пінск — сталіца Палесся», якую зрабіў у 1968 годзе. Як у яго атрымалася здымаць на камеру, рабіць мантаж? Тады КДБ пільна сачыў за гэтым, пэўна давялося пабыць у ролі «шпіёна». Дзякуючы стужцы магчыма пабачыць Пінск, якога ўжо няма.

Памяць. Жывая і пройдзе праз дзесяткі пакаленняў вернікаў, усіх удзячных людзей, якія ўсведамляюць веліч постаці першага беларускага кардынала. Амаль адразу пасля смерці іерарха сярод вернікаў узнікла ідэя стварэння ў Пінску музея Казіміра Свёнтэка. Меркавалася, што ў комплексе катэдры ўжо знойдзецца памяшканне, дзе б захоўваліся артэфакты звязаныя з Свёнтэкам: асабістыя рэчы, нататкі, здымкі, ўзнагароды і г.д. Але пакуль усё застаецца на словах.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск