Чаго чакае Марына Адамовіч у новым годзе?



Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, віншуе ўсіх з Калядамі і распавядае, якія ў яе чаканні ад новага года.

Марына Адамовіч: Я ніколі не пераставала спадзявацца, што Мікола ў бліжэйшы час выйдзе на волю, і мае спадзяванні застаюцца ранейшымі і зараз. Іншага жадання на Новы год і не загадвала. Дарэчы, усіх хачу павіншаваць з Калядамі. Пабольш нам цудаў у гэтыя чароўныя дні! Хацелася б, каб усё было добра.

РР: Можа быць, паляпшэнне стасункаў з Захадам дапаможа вашаму мужу выйсці на волю раней часу?

Марына Адамовіч: Фактараў уплыву шмат, і заходні вектар – у гэтым жа шэрагу. Праўда, тут застаецца толькі рабіць прагнозы. Не больш.

РР: Як вы ўспрынялі ідэю асобных апазіцыйных структураў вылучыць Міколу Статкевіча прэтэндэнтам на прэзідэнцкія выбары?

Марына Адамовіч: Калі казаць аб’ектыўна, то лічу, што гэта адзіная годная ідэя, якую яны могуць прапанаваць грамадству і сабе. Іншых ідэй нават на гарызонце не бачна, улічваючы, колькі часу застаецца да выбараў. Калі б людзі імкнуліся да перамогі, гэта было б відавочна грамадству. Не хацелася б спыняцца на гэтай тэме, але, на жаль, няма ў апазіцыі веры ў перамогу.

РР: Якія апошнія навіны вы атрымалі ад мужа?

Марына Адамовіч: Зараз доўгія навагоднія святы, таму лісты не ідуць, і навінаў ніякіх. А да гэтага Мікола пісаў звычайныя лісты пра жыццё. Віншаванні, расповед пра перавод у іншую калонію, што мае адбыцца ўжо ў бліжэйшыя дні.

РР: Перавод з турмы ў калонію – гэта будзе ў пэўным сэнсе палёгкай?

Марына Адамовіч: Калі так можна сказаць у гэтай сітуацыі. Ды і не той выпадак, калі пра нешта можна казаць з упэўненасцю. Хоць тэарэтычна – гэта паляпшэнне умоваў утрымання, мажлівасць адносна большай прасторы, атрымоўваць перадачы, спатканні.

РР: Прашэння аб памілаванні ад Міколы больш ужо не патрабуюць?

Марына Адамовіч: Прынамсі, у апошні час нічога такога не было.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя