Чалавек з інваліднасцю зведаў здзекі міліцыянтаў



Чалавек з інваліднасцю 2 групы з вёскі Дзявяткі Кобрынскага раёна быў забраны мясцовымі ахоўнікамі рэжыму 10 жніўня, калі прыехаў у горад даведацца пра лёс сына,  схопленага міліцыянтамі падчас зачысткі.

Ні кіёк пры мне, ні словы, што я інвалід, на карнікаў не паўздзейнічалі, – кажа Аляксандр Краўчук:

– Яны мяне ўзялі за рукі і за ногі тварам уніз, панеслі ў будынак РАУС. На шляху я яшчэ адзін раз ударыўся кульцёй аб прыступкі. Потым яны мяне рэзка кінулі, і я зваліўся тварам уніз на бетонную падлогу. І дакладна ў такім становішчы занеслі ў кабінет і зноў кінулі на падлогу ў кабінеце.

Паводле Аляксандра Краўчука, медычнай дапамогі прыйшлося дамагацца доўга. Вынік брутальнага затрымання вельмі сумны:

– Паспрабаваў надзець пратэз і ўбачыў, што абшэўка парваная. Падчас дагляду ў мяне былі выяўленыя сінякі, ранкі на кульце. Быў выяўлены надрыў звязкаў ключыцы.

Справа Краўчука знаходзіцца на разглядзе Берасцейскага абласнога следчага камітэта. Па словах сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржука Русецка, такія адносіны тых, хто прысягаў служыць свайму народу і жыве за кошт падаткаў гэтага народу, выклікаюць жах. Пры гэтай уладзе наўрадці чалавек з інваліднасцю даможацца справядлівасці ў сваёй справе.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

 

Беларускае Радыё Рацыя