Чаму беларускія гастарбайтэры мяняюць Расею на Польшчу



За мяжу ў мінулым годзе сабраўся і з’ехаў цэлы беларускі райцэнтр. І тэндэнцыя набірае абароты.

Беларусам ёсць што шукаць: сярэдні заробак у краіне саступае суседскім (выключаючы Украіну). І калі ў Польшчы сярэдні заробак перавышае сярэдні беларускі ўтрая, то ў Расеі – толькі ў паўтара раза.

Эксперты аднадушныя ў падліках: на ежу і адзенне ў сваёй краіне беларусы трацяць не менш, а часам больш, чым у Расеі і Еўразвязе. Танней абыходзяцца толькі камуналка і грамадскі транспарт.

За мяжу адпраўляюцца зарабіць на жыллё, вучобу дзяцей, аўто і іншыя патрэбы, якія выходзяць за рамкі хлеба надзённага.

Суседняя Літва з сярэднім заробкам у 927 еўра кліча беларускіх будаўнікоў, работнікаў сферы паслуг і лагістыкі. Зарплату ў 800 еўра прапанавалі даяркам, але, мяркуючы па водгуках у прэсе, прапанова не выклікала энтузіязму ў беларускіх сяльчанак. Літва, як паведаміў у інтэрв’ю „Звяздзе” амбасадар Літвы ў Менску Андрус Пулокас, з пачатку года да сярэдзіны верасня выдала беларусам шэсць тысяч віз, якія даюць права на працаўладкаванне.

Але лік беларусаў, якія з’язджаюць у Польшчу куды большы: 58 тыс. запрашэнняў ад польскіх працадаўцаў ў 2017 годзе. За тры гады, з 2014-га, лік запрашэнняў вырас у 14 разоў!

Беларускія гастарбайтэры масава рушылі ў Польшчу. Прычына – даступнасць працоўных месцаў, якія раней займалі ўкраінцы. 

Польшча ў свой час выдала 88% відаў на жыхарства ў ЕЗ украінскім грамадзянам, і два мільёны ўкраінцаў аселі ў Польшчы. Але цяпер украінцы актыўна рушылі далей на захад. Іх пераманьваюць на працу ў Славакію і Чэхію, спрасціць працаўладкаванне можа і Германія, сцвярджае Кшыштаф Інгольт, дырэктар кампаніі Personnel Service, якая займаецца працаўладкаваннем мігрантаў у Польшчы.

„Гэта вялікая пагроза для польскай эканомікі. Ужо цяпер недахоп кадраў – 165 тысяч чалавек, а за бліжэйшыя 2-3 месяцы ён можа вырасці да 500 тысяч”, – паведаміў Інгольт сайту texty.org.ua.

Колькі беларусаў працуе за мяжой

Па дадзеных дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі за 9 месяцаў гэтага года на заробкі за мяжу з’ехала 9 тыс. чалавек.

Гэтыя афіцыйныя лічбы не адлюстроўваюць рэальнасці. У разгар барацьбы з неплацельшчыкамі падаткаў МУС заяўляла, што толькі ў Расеі працуюць не менш за мільён беларускіх мігрантаў, не папаўняючы падаткамі бюджэт сваёй краіны.

„Адэкватнай статыстыкі на дадзены момант няма і быць не можа, – кажа дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык. – З Расеяй у Беларусі адсутнічае кантроль на мяжы. Колькі выехала, колькі прыехала? Ацэнкі – ад некалькіх тысяч да мільёна. Ісціна, напэўна, дзесьці пасярэдзіне – тысяч 300 беларусаў працуюць за мяжой, у розных краінах. Пакуль дакладных і надзейных ацэнак, на жаль, няма „.

bbc.com

Фота  GETTY IMAGES