Чаму беларусы забыліся пра “Наша слова”?



Выйшаў з друку 1400 нумар газеты Таварыства Беларускай мовы “Наша слова”. Газета выдаецца штотыдзень на 8 старонках. І яна даволі цікавая, у кожным нумары ёсць што пачытаць, даведацца пра моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя навіны.

Але адна бяда – падпісны наклад выдання на кастрычнік склаў менш 800 асобнікаў, хаця сяброў ТБМ па словах рэдактара “Нашага слова” Станіслава Судніка, налічваецца больш за 7 тысяч. Гэта значыць, калі кожны сябра ТБМ выпіша “Наша слова”, то наклад газеты будзе каля 8 тысяч асобнікаў. Добры наклад атрымаўся б. Але падпішчыкаў на кастрычнік у дзесяць разоў менш. Дык у чым справа?.. А калі б яшчэ “Наша слова” выпісалі б настаўнікі роднай мовы, пісьменнікі двух саюзаў, то наклад газеты быў бы больш за 10 тысяч асобнікаў.

У Беларусі ёсць такія раёны, дзе наогул не выпісваецца “Наша слова”. Гэта Чавускі, Крычаўскі, Краснапольскі, Бялыніцкі, Дрыбінскі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Хоцімскі, Чачэрскі, Хойніцкі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Веткаўскі, Старадарожскі, Шумілінскі, Гарадоцкі, Столінскі, Жабінкаўскі, Драгічынскі, Ганцавіцкі, Белаазёрскі. Магілёў, які налічвае каля 400 тысяч жыхароў мае толькі 20 падпісчыкаў “Нашага слова”. У вялікім Бабруйску толькі адзін падпісчык. У Гародні толькі 26 падпісчыкаў на “Наша слова”, у Берасці – 7, у Віцебску – 18, у Гомелі – 17. А ў мільённым Менску толькі 192 падпісчыкі на беларускую газету. Ствараецца такое ўражанне, што беларусы наогул забыліся пра роднае слова, і зусім не звяртаюць увагу на газету ТБМ “Наша слова”.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя