Чаму блогер Шэры кот здымае „палітыку”
Гэтага хлопца можна заўважыць шмат на якіх мерапрыемствах: ён вядзе прамыя трансляцыі, а часам бярэ інтэрв’ю ва ўдзельнікаў імпрэзаў. Найчасцей ён робіць стрымы з розных падзеяў, якія адбываюцца ў Віцебскай вобласці, бо сам жыве ў мястэчку Барань пад Воршай. Але гатовы паехаць і ў іншыя рэгіёны, прыкладам у Берасце, дзе адбываліся пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, або ў Крупкі, дзе вёў прамую трансляцыю з апошняга перформансу мастака Алеся Пушкіна каля крамы “Еўраопт”.
Чаму відэаблогер гатовы траціць уласны час і грашовыя сродкі на паездкі ў рэгіёны, дзе адбываюцца нейкія важныя палітычныя, або сацыяльна значныя падзеі?
– Мне вельмі часта кажуць, што ў нас у Беларусі нічога не адбываецца.Што ў нас няма ні палітычных партый, ні рухаў, і ўвогуле няма грамадскай актыўнасці. Таму варта паказваць розныя мерапрыемствы, і тады людзі адкрываюць для сябе, што ў Беларусі, аказваецца, ёсць грамадска-палітычнае жыццё! Чаго яны не бачаць на паверхні.
Падчас знаёмства відэаблогер называе не сваё імя, а нік, пад якім ён вядомы ў інтэрнэце – Шэры Кот. Гэтаксама называецца і ягоны канал на youtube.com, які мае 2 247 падпісчыкаў. Сярэдняя колькасць праглядаў – 500, але асобныя відэаматэрыялы набіраюць і больш за тысячу праглядаў. Канал быў створаны ў 2017-м годзе, калі ў Беларусі адбываліся пратэсты “недармаедаў”, распавёў відэаблогер:
– Пасля пратэстаў многія апынуліся “на сутках” – актывісты, блогеры. І інфармацыі стала меньш. Напрыклад, у Воршы было два “маршы недармаедаў”: вядомы марш 12 сакавіка, на які сабралася тысяча чалавек, і быў яшчэ 26 сакавіка, сабралася 200 чалавек. Але пра гэта ніхто не ведаў. Я зразумеў, што ніхто такое не асвятляе, і што трэба нешта рабіць. Трэба ствараць кантэнт самому.
Відэаблогер перакананы, што пашырэннем інфармацыі пра грамадскую актыўнасць у рэгіёнах можа паспрыяць паляпшэнню сітуацыі ва ўсёй краіне.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя