Чаму “дармаеды” не плацяць падатак?



Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч патлумачыў, чаму толькі кожны дзявяты ўладальнік “ліста шчасця” вырашыў заплаціць падатак.

Згодна з афіцыйнымі звесткамі падаткавай службы, па стане на 20 лютага згадзіліся заплаціць збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў ўсяго каля 50 тысяч чалавек, каму гэтыя самыя лісты прыйшлі. У той жа час падаткавікі знайшлі больш за 470 тысяч патэнцыйных “дармаедаў”.

Генадзь Фядыніч: Частка людзей не хоча плаціць, таму што лічаць гэты дэкрэт антынародным і антыканстытуцыйным. Нехта не можа заплаціць, таму што наогул не мае такіх грошай. Ёсць яшчэ і такія, хто пакуль не заплаціў, але да гэтага часу канчаткова для сябе не вырашылі – плаціць альбо не.

РР: Тых, хто не заплаціў, будуць яшчэ і штрафаваць?

Генадзь Фядыніч: Шчыра кажучы, пакуль такой правапрымяняльнай практыкі няма, хаця ва ўладаў ёсць такія паўнамоцтвы – пакараць неплацельшчыкаў. Могуць нават з дапамогай участковага нейкія рэчы апісаць тых, хто адмаўляецца плаціць. Але відавочна, што пакуль гэта не робяць і, хутчэй за ўсё, баяцца рабіць, бо грамадскае абурэнне дэкрэтам і так дастаткова вялікае. Надалей усё будзе залежыць ад актыўнасці людзей.

РР: На ваш погляд, ці могуць улады пайсці на адмену дэкрэта?

Генадзь Фядыніч: Могуць, але пры ўмове, што людзі будуць не маўчаць, а рыхтаваць новыя акцыі. Неабходна актыўнасць па адмене дэкрэта. А пад ляжачы камень вада не зацячэ.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя