Чаму экалагічная тэма – праблема ўсёй краіны?
Палітык Анатоль Лябедзька выказаў сваё стаўленне да сітуацыі вакол будаўніцтва ў Берасці завода па вытворчасці акумулятарных батарэй.
Як ужо паведамлялася, берасцейскія актывісты абмеркавалі гэтую праблему ў Міністэрстве прыроды і аховы навакольнага асяроддзя. Яны перадалі ў ведамства калектыўнае патрабаванне аб спыненні будаўніцтва завода, у адказ ім паабяцалі прыкладна 15-16 снежня паведаміць вынікі паўторнай экалагічнай экспертызы, звязанай з будаўніцтвам прадпрыемства.
Анатоль Лябедзька: Вышэйзгаданыя актывісты – людзі вельмі падрыхтаваныя і падыходзяць да сітуацыі не эмацыйна, а з фактамі: экспертызамі, напрацоўкамі і доказам шматлікіх парушэнняў. У іх каля сотні пытанняў да тых, хто стаіць за гэтым будаўніцтвам, таму няхай зараз разбіраюцца і даюць народу адказы.
РР: Як увогуле ацэньваеце сітуацыю вакол будаўніцтва завода?
Анатоль Лябедзька: Найперш трэба сказаць, што гэта праблема не рэгіянальнага маштабу, бо ўсёй краіне трэба арыентавацца на клопат пра людзей і чыстае паветра. Нам не варта пераўтварацца ў тэрыторыю, дзе брудная вытворчасць будзе ладзіцца кім заўгодна – ці беларускай уладай, ці расейскімі алігархамі.
Такая ж праблема і ў Светлагорску, і ў Магілёве, таму, калі чыноўнікі вырашылі заплюшчыць вочы на праблему, то ім трэба нагадаць, дзеля чаго яны атрымліваюць заробак з кішэні падаткаплацельшчыкаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя