Чаму інвестары не зацікаўленыя ў Аўгустоўскім канале?



Замежныя і айчынныя інвестары не выяўляюць зацікаўленнасці да прапановаў спецыяльнага турыстычна-рэкрэацыйнага парка “Аўгустоўскі канал”, створанага ў межах свабоднай эканамічнай зоны “Гроднаінвест”.

Прапановы уключаюць трынаццаць інвестыцыйных праектаў на агульную суму 226 мільёнаў эўра.

Сярод планаў – будаўніцтва санаторнага і гарналыжнага курортаў, экскурсійнай чыгункі і шэрагу спартова- забаўляльных аб’ектаў.

На думку намесніка старшыні абласнога аддзялення турыстычна-спартовага саюза Сяргея Каляды абыякавасць замежных інвестараў мае свае аб’ектыўныя прычыны, адна з якіх – асутнасць зацікаўленасці ў заходніх турыстаў да Аўгустоўскага канала, чаму не ў апошнюю чаргу спрыяе палітыка беларускіх уладаў:

– Межы могуць і быць, але яны не павінны цяжка пераадольвацца. Трэба, каб візавы рэжым быў мягчэйшым. Не трэба сядаць кансулятамі  і пасольствамі ў акопы і глядзець адно на аднаго з акопаў. Трэба шукаць магчымасць, каб усё рабіць хутка.

Пасля шматмільярдных дзяржаўных інвестыцый, укладзеных у аднаўленне Аўгустоўскага канала дзесяць гадоў таму, турыстычны аб’ект так і не стаў прывабліваць замежных турыстаў, як гэта планавалі ўлады.

Да гэтага часу на канале не з’явілася ніводнага інвестара, які бы ўклаў у развіццё яго інфраструктуры сродкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня