Чаму ізноў прэсуюць берасцейскага блогера?



Палітык Анатоль Лябедзька выказаў сваё стаўленне да сітуацыі з актывістам.

Нагадаем, што Аляксандр Кабанаў – вядомы берасцейскі блогер, які асвятляў пратэсты ў абласным цэнтры падчас маршаў “дармаедаў” і акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

На яго ў свой час была заведзена крымінальная справа (быццам бы незаконна збіраў грошы з сябраў жыллёвага таварыства, калі быў яго старшынёй), але летам гэтага года яе спынілі з-за адсутнасці складу злачынства.

А зараз на падставе пастановы пракуратуры Берасцейскай вобласці расследаванне крымінальнай справы ізноў адноўлена.

Анатоль Лябедзька: “Справа Кабанава” – гэта такі сакрэт полішынэля. Улада мае вельмі нізкую падтрымку ў грамадстве, і гэта паўбяды. Вялікая праблема для яе – людзі з высокай грамадзянскай актыўнасцю. Калі яны звяртаюцца да іншых людзей, якія не задаволены па тых ці іншых чынніках сітуацыяй у краіне, то гэта ўжо пагроза для галоўнай мэты, якую беларускі кіраўнік агучыў на днях – утрымаць уладу.

А Аляксандр Кабанаў якраз і знаходзіцца ў шэрагу тых, хто стварае праблемы ў рэалізацыі гэтай мэты. Значыцца, яго трэба нейкім чынам нейтралізаваць. Дзеля гэта і выкарыстоўваюцца самыя розныя метады: правакацыі, запалохванні…

РР: Справу ж закрылі, чаму менавіта зараз яе вырашылі аднавіць?

Анатоль Лябедзька: Аляксандра Кабанава не зарэгістравалі кадыдатам у дэпутаты, але чалавек сказаў, што гэта не паўплывае на яго актыўную пазіцыю. Ён будзе працаваць у камандзе зарэгістраванага кандыдата. І ў час выбарчай кампаніі, калі ўлада дазваляе кандыдатам крыху больш, чым у звычайным жыцці, такія як Кабанаў для яе нясуць небяспеку. Таму як мінімум стаіць задача, каб Аляксандр займаўся не сустрэчамі з людзьмі на вуліцах, а сядзеў у адвакатаў і следчых ды думаў пра сваю справу.

РР: Чым яна можа закончыцца?

Анатоль Лябедзька: Усё будзе залежыць ад актыўнасці блогера. Калі ён будзе дастаткова актыўны, то не выключаны пэўныя абвастрэнні. Але больш верагодны, як мне падаецца, іншы варыянт: закончыцца выбарчая кампанія – закончыцца і “справа Кабанава”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя