Чаму, калі не піць, дык „гора іншае будзе”?
Актывіст «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч распавядае, чаму ў Беларусі па-ранейшаму співаецца насельніцтва.
«У насельніцтва неабходна сфарміраваць навыкі культуры здароўя, пачынаючы з вобраза жыцця, правільнага харчавання, адмовы ад курэння і алкаголю… Ну, не зусім, натуральна, а то піць перастанем — гора іншае будзе. А вось курыць – гэта вар′яцтва», — заявіў днямі Лукашэнка.
Якое ж «гора будзе», калі піць перастанем?
Зміцер Дашкевіч: Для ўлады алкагалізацыя насельніцтва, мяркую, заўсёды звязана з папаўненнем «залатога запасу». Каб дзяржава хацела неяк абмежаваць ужыванне алкаголю, яна б гэта даўно зрабіла. І беларускі рэжым нават не лічыўся б з нейкімі пратэстамі, калі б яны з гэтай нагоды ўзніклі. Але сёння продаж алкаголю – выгодны для дзяржавы бізнес. І з фінансавага пункту гледжання, і з пункту гледжання кіравання біямасай, якая пасля таго, як нап′ецца «чарнілаў», больш ні пра што не турбуецца.
РР: У апошні час наадварот абмежаванні на продаж алкаголю, якія былі раней, паздымалі…
Зміцер Дашкевіч: Калі бюджэт пусты, тады ўлады ўжо не цікавяцца ні здароўем нацыі, ні духоўным станам народу. Усімі мажлівымі сродкамі ім трэба грошы. А прадаваць алкаголь – гэта проста і надзейна. Якая нармальная краіна, што дбае пра здароўе людзей, будзе прадаваць «чарнілы», гэтую атруту для арганізма? Мы маем статыстыку, згодна з якой сёння Беларусь – у лідарах па алкагалізацыі. А дзяржава нічога не робіць, каб гэтага не адбывалася.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя