Чаму лідарам меркаванняў накідаюць тэрміны зняволення



Змітру Дашкевічу накінулі год калоніі за нібыта «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». Тым часам, арганізацыя «БелПол» паведамляе пра факты ціску на Віктара Бабарыку і Ігара Лосіка, а пра іншых вядомых палітзняволеных, такіх як Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч і Павел Севярынец, практычна нічога не вядома.

Штосьці дзесьці часам далятае з навінаў пра вядомых палітзвянволеных, і тое не пра ўсіх, і тое толькі ў кантэксце катаванняў карцарам, адзіночкамі ды інфармацыйнай ізаляцыі.

За мяжой сустрэў дзяўчыну, якая два гады адбыла ў калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту. Сказала, што інтэрв’ю не можа даць, бо яе папярэдзілі, каб маўчала. Інакш у яе сваякоў будуць праблемы.

Іншы вызвалены казаў, што яму далі месяц на тое, каб ён выехаў з Беларусі, інакш, маўляў, яго зноў забяруць за краты.

Колькі такіх размоваў? Мы не ведаем. Бо калі выходзяць праваабаронцы ці журналісты, з імі, відаць, без сэнсу размаўляць у падобным рэчышчы. Прыблізна як з лідарамі меркаванняў, такімі як Зміцер Дашкевіч. Рашэнне ці заставацца ў Беларусі будзе залежыць дакладна не ад размовы з операм на зоне.

Лідараў за кратамі катуюць не толькі таму, што Лукашэнка помслівы садыст. Іх знішчаюць псіхалагічна. Каб нават калі атрымаецца коштам іх свабоды пагандлявацца з Захадам, каб думкі не ўзнікла “узяцца за старое” – словамі і ўчынкамі супрацьстаяць сістэме.

Масавыя рэпрэсіі ўсіх відаў скіраваныя на змену структуры грамадства.

Некаторыя параўноўваюць лукашэнкаўскую Беларусь з канцлагерам. Гэта не так. Параўноўваць лепш з базай унутраных войскаў.

Мы рэгулярна атрымліваем інфармацыю пра тое, што адкрываюцца ваенізаваныя лагеры для падлеткаў. Пра зборы рэзервістаў. Але Беларусь не такая вялікая паводле войска, каб сур’ёзна пагражаць NATO.

Створаная Лукашэнкам міліцэйская дзяржава ў дзяржаве хоча і далей існаваць пасля сыходу Лукашэнкі тым ці іншым чынам.

2020 год даў для некаторых служак у пагонах магчымасць феерычнага кар’ернага росту.

Тыповы прыклад – Мікалай Карпянкоў, які быў начальнікам ГУБАЗіКа ў званні падпалкоўніка, ды імгненна стаўся генерал-маёрам, намеснікам міністра МУС і кіраўніком Унутраных Войскаў, галоўнага сілавога апірышча рэжыму.

Таму цяпер у іх задача існых лідараў зламаць, патэнцыйных на будучыню выштурхнуць.

Ці рэальна? Сталіну спатрэбіліся чвэрць стагоддзя масавых забойстваў, каб змяніць структуру грамадства.

Ці ёсць падобная магчымасць у сучасных лукашыстаў? Вельмі сумняюся.

Падтрымліваем як можам адзінадумцаў, якія знаходзяцца ў нядолі.

Жыве!

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя