Чаму Лукашэнка заклапаціўся захаваннем гарадскіх зялёных зон?



Прэзідэнт Беларусі загадаў спыніць разбой з высечкай зялёных зон. Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, дзе запатрабаваў ад чыноўнікаў розных узроўняў спыніць неабгрунтаванае ўшчыльненне жыллёвай забудовы і высечку дрэў у населеных пунктах Беларусі.

Заява кіраўніка дзяржавы – гэта прызнанне праблемы, якая існуе, бо адкрытыя канфлікты паміж жыхарамі і мясцовымі ўладамі патрабавалі нейкай увагі з ягонага боку, кажа каардынатар грамадзянскай кампаніі «Генплан для мінчан» Дзяніс Кобрусеў:

Сам факт гэтай заявы можна ўспрымаць пазітыўна. Нарэшце пра гэта гаворыць сам кіраўнік дзяржавы. З іншага боку гэта паказвае, што калі кіраўнік дзяржавы апускаецца да пытання аховы дрэў, значыць нешта не ў парадку ў самой дзяржаве. Гэта сведчыць пра сістэмныя праблемы. Чаму мясцовыя органы ўлады не могуць дасягнуць кансэнсусу з самімі грамадзянамі. І гэта насамрэч выклікае большую трывогу, бо паказвае, наколькі кепска ў нас усё працуе на мясцовым узроўні.

Са слоў Дзяніса Кобрусева, каб уплываць на пытанні ўшчыльнення жыллёвай забудовы і высечку дрэваў у зялёных зонах грамадзяне павінны пачаць браць адказнасць за тэрыторыі дзе жывуць у свае рукі. Толькі так яны могуць аказваць эфектыўны ціск на мясцовыя ўлады.

Поўную гутарку з Дзянісам Кобрусевым слухайце ў далучаным гукавым файле:

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя