Чаму людзі не прыходзяць на акцыі апазіцыі?
Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі распавядае пра пратэстныя настроі беларусаў.
Учора на сталічнай плошчы Свабоды прайшла акцыя, якая нагадала пра рэферэндум 20-гадовай даўніны.
Напярэдадні палітыкі Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч заклікалі прыйсці на плошчу, хаця заяўку на правядзенне мерапрыемства не падавалі. У выніку, па некаторых ацэнках, на акцыю прыйшло ўсяго каля 150 чалавек – разам з дзясяткамі журналістаў і сілавікамі ў цывільным.
Лявон Баршчэўскі: Па-першае, акцыя, якую ладзілі Някляеў і Статкевіч, не мой погляд, не была падрыхтаваная, бо павінна ісці добрая інфармацыйная хваля пра мерапрыемства. Па-другое, прайшло 20 гадоў пасля рэферэндуму, вырасла новае пакаленне. Гэта для Статкевіча альбо для мяне рэферэндум 1996 году нешта значыць, але некаторыя сёння нават не ведаюць, што адбылося 20 гадоў таму. За гэты час столькі падзей адбылося, якія пераплюнулі рэферэндум. Таму дата для акцыі выбрана таксама не вельмі ўдалая.
РР: Але ж людзям хаця б нагадалі, што была такая гістарычная дата…
Лявон Баршчэўскі: Я не асуджаю арганізатараў мерапрыемства, бо маленькі крок – гэта таксама крок. Узгадалі рэферэндум, нагадалі пра зніклых палітыкаў Захаранку і Ганчара – гэта добра.
РР: Пакаленне, якое вырасла за гэтыя 20 гадоў, не цікавіцца такімі датамі?
Лявон Баршчэўскі: Яно проста не разумее, да чаго прывёў той рэферэндум. Для іх гэта – сівая гісторыя. І, паўтаруся, гэта не тая дата, якая можа масава сабраць людзей. Чаму народ масава выходзіў на вуліцы ў 1989 годзе? Была страшэнная Чарнобыльская катастрофа, пра якую ўлады не казалі праўду. Людзі былі абураны, у іх быў страх, што нічога не ведаюць. Да таго ж, адкрылася праўда пра Курапаты, пра сталінскі тэрор. Было яшчэ шмат жывых людзей, якія самі пацярпелі ад гэтага тэрору. І народ масава выйшаў на вуліцу ў знак пратэсту. Сёння зусім іншая сітуацыя.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя