Чаму міністр унутраных спраў не хоча выбачыцца перад цыганамі?
Старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч распавёў, чаму МУС і яго кіраўнік катэгарычна не прзнаюць свае памылкі.
Нагадаем, што пасля гібелі супрацоўніка ДАІ, які перад смерцю даслаў незразумелае паведамленне пра цыган і машыну, па ўсёй кріане прайшлі масавыя затрыманні прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнасці. Многія затым распавядалі пра жорсткае абыходжанне і збіццё.
Сёння журналісты пацікавіліся ў парламенце ў міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, ці не збіраецца ён прынесці цыганам прабачэнні.
«У міністра няма ні нагоды, ні падставаў прасіць прабачэння ў цыган», – адказаў той.
Юрась Губарэвіч: Відаць, міністр, які найперш павінен стаяць на абароне закона, лічыць сябе гаспадаром жыцця, і мяркуе, што набліжанасць да кіраўніка краіны дазваляе яму парушаць канстытуцыйныя правы чалавека. І дзейнічаць выключна так, як гэта разумее міліцыя альбо дзяржава, не абапіраючыся на закон.
Натуральна, калі б такая сітуацыя склалася ў дэмакратычнай краіне, то той жа Шуневіч ужо не толькі вымушаны быў прасіць прабачэння, а можа і наогул пайшоў бы ў адстаўку.
РР: Як вы ўвогуле ацэньваеце сітуацыю з масавымі затрыманнямі цыган?
Юрась Губарэвіч: Паводле заканадаўства, калі і расследуецца справа, то трэба дзейнічаць у дачыненні да асобнай злачыннай групы. Але браць пад падазрэнне цэлую этнічную групы і праводзіць зачысткі толькі па прыкметах прыналежнасці да таго ці іншага этнаса – гэта дзікунства. Ад гэтай гісторыі вельмі дрэнна патыхае. Усе гэта зразумелі акрамя міністра ўнутраных спраў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя