Чаму нас навучыў гэты год пандэміі?
Маскі, антысептыкі, сацыяльная дыстанцыя, ежа на вынас, замовы анлайн, а таксама анлайн-канцэрты, канферэнцыі, і нават сустрэчы з сябрамі за півам праз маніторы кампутараў і тэлефонаў. “Касманаўты” – гэта далёка не толькі пакаральнікі космасу, гэта медыкі ў поўным рыштунку. „Карона” – гэта не толькі сімвал улады, але і скарачэнне ад назвы небяспечнага віруса. Усё гэта стала нашай рэальнасцю, і часам нават дзіву даешся, як хутка чалавек да ўсяго прызвычайваецца. Перспектыва жыцця ў масачным рэжыме яшчэ прынамсі да 2022 года ўжо не выклікае здзіўлення і непрыняцця. А яшчэ гэты год мы пражылі з надзеяй. Летась вясною, што вось да восені напэўна ўжо гэты вірус знікне, і нейкі лек на гэтую трасцу прыдумаюць. Восенню – што яшчэ зіму неяк пратрымацца, а там вясна прыйдзе і стане лягчэй. Аднак гэтыя заклінанні, на жаль, не спрацоўваюць. Свет усё яшчэ вучыцца існаваць ва ўмовах пандэміі, хоць атрымліваецца штораз лепей. Бізнес вучыцца новым фарматам працы, людзі ўсё больш разумеюць, як трэба дбаць пра сябе і сваіх блізкіх, і нават жартуюць: маўляў, палова свету зразумела, што збольшага сваю працу можна паспяхова рабіць і з дома, дык і ў светлай “бязвіруснай” будучыні варта пакінуць такую магчымасць.
На жаль, вучымся не толькі мы, скажам так, чалавецтва, але і каронавірус, які намножыў новыя свае варыянты – штамы, усё больш і больш агрэсіўныя. Спачатку брытанскі, паўднёва-афрыканскі, а цяпер і яшчэ больш небяспечны бразільскі. Адзіным выйсцем, акрамя згаданых масак і дыстанцыі, застаецца масавая вакцынацыя насельніцтва. Але з гэтым не проста. Пахваліцца сваімі поспехамі пакуль можа толькі Ізраіль. Вакцын не хапае, у Польшчы, да прыкладу, ужо абмяркоўваюць магчымасць прышчэпкі толькі адной дозай вакцыны, каб ахапіць як мага большае кола людзей. Прэзідэнт Дуда напярэдадні размаўляў з кітайскім лідарам пра магчымасці паставак вакцыны з гэтай краіны, бо Pfizer, Moderna і AstraZeneca катастрафічна не хапае. Чэхія мяркуе закупляць расейскую вакцыну “Спутнік V”, не чакаючы зацверджання ад Еўрапейскага агенцтва па леках. У гэты ж час па ўсім свеце ад Ковід-19 паміраюць людзі, і паміраюць у цяжкіх пакутах.
Адметна, што заўсёды ў складаных або крытычных пытаннях і сітуацыях паўстаюць так званыя “тэорыі змовы”. Вось і цяпер аматары такіх тэорый пашыраюць думкі пра шкоду вакцын, іх інтэграцыю ў чалавечае ДНК ці яшчэ нейкія абсурды, кшталту разам з вакцынай нам прышчэпяць “чып”, і мы ўсе будзем пад шчыльным “каўпаком” нейкіх уладальнікаў свету. Мяркую, што большасць прыхільнікаў такіх “тэорый змоў” адхрысцяцца ад гэтых тэорый вельмі хутка, як толькі смяротна небяспечны вірус закранае іх або некага з іх родных. Так ці іначай, свет пасля году пандэміі ўжо стаў іншым. Але пакуль гэтага недастаткова для таго, каб чалавецтва змагло перамагчы.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя